И 15-летний Калистрат Костюков пошёл в партизаны

Актуалии

Пакуль жывыя вашы дзяды, слухайце іх
Перада мною – састарэлая даведка аб тым, што мой бацька Касцюкоў Калістрат Кандрацьевіч з 27 снежня 1942 года па 22 ліпеня 1944 года ваяваў у партызанскім атрадзе імя Суворава брыгады імя Леніна.
Ён быў пятнаццацігадовым юнаком, калі неба зацягнулі чорныя ваенныя хмары. Была сям’я – маці, бацька, старэйшыя браты, спакойнае мірнае жыццё пад дахам сялянскай хаты ў вёсачцы Доўгая Ніва. І раптам усяго гэтага не стала. Спачатку фашысты расстралялі бацьку (майго дзеда – аўт.) за сувязь з партызанамі. А хутка па даносу ворага ўзялі ў палон і маці, дзе яна і памерла.
Але жахі і беды на гэтым не скончыліся. Аднойчы, калі ён вярнуўся са школы, убачыў спаленую хату, пустыя хлеўчукі. Усё знішчыў, забраў вораг. Адчай ахапіў хлопчыка. Ён схаваўся ў невялічкім стажку і горка плакаў.
Старэйшы брат Савелій забраў яго ў партызанскі атрад. І пачалося нязвыклае цяжкае жыццё, калі даводзілася спаць не распранаючыся і не здымаючы абутку, падчас на сырой зямлі. Спазнаў холад і голад. Скупы паёк часта быў несалёны, бо не хапала солі, і паварыха цёця Валя Зайцава (яна сама мне расказвала) тайком падсыпала солі ў міску самага малодшага партызана.
Але плакаць і баяцца не было часу. Трэба было хутка сталець, апраўдваць званне партызана. І ён стараўся з усіх сіл. Нездарма ў атрадзе яго празвалі Смельчаком. Разам з дарослымі ён ішоў на начныя заданні, удзельнічаў у дыверсіях на чыгунцы, узрываў варожую тэхніку, падносіў патроны і страляў сам. Ён умеў назіраць і запамінаць дэталі, дзякуючы гэтым якасцям яго бралі ў разведку.
Ён выжыў. За няпоўныя два гады з бездапаможнага хлопчыка ён пераўтварыўся ў мужчыну, у воіна. На ўсё жыццё ён застаўся ўдзячным лесу, які ратаваў, укрываў, супакойваў, быў домам. І пазней ён ніколі не баяўся ў лесе ні цемры, ні звера. Не раз вадзіў школьнікаў у паходы па баявых сцяжынах свайго юнацтва, паказваў, як будаваць шалашы, зямлянкі.
Пасляваеннае жыццё не было лёгкім, але яно было напоўнена светлымі надзеямі. Бацьку прытуліла сям’я старэйшага брата Мацвея, ён вывучыўся на стрэлачніка, працаваў на чыгунцы. Я і сёння памятаю тую маленькую будачку, куды мы, яго дзеці, насілі абед.
Ён прагнуў жыцця, стварыў сям’ю, пабудаваў у Мікіцісе дом, радаваўся кожнаму мірнаму дню…
Бацька рана пайшоў з жыцця, не дасказаўшы пра ліхалецці вайны, пра баявых сяброў. Не, яму хацелася расказваць, але мы, маладыя, занятыя сваімі справамі, не надта любілі слухаць яго. А зараз, калі мы самі пасталелі, я разумею, які кошт маюць гэтыя ўспаміны, наогул, усё, што звязана з гісторыяй сям’і, таго мястэчка, дзе ты вырас. Нават фотаздымак бацькавай вёсачкі Доўгая Ніва, змешчаны ў раённай газеце, я сёння берагу, як самую каштоўную рэліквію.
Хачу звярнуцца да маладых: не забывайце свае карані. Пакуль жывыя бацькі вашых бацькоў, вашы дзяды і бабулі, слухайце іх. Зараз я паслухала б свайго бацьку, ды яго ўжо няма.
Хоць мой бацька Касцюкоў Калістрат і не здзейсніў яркі подзвіг, але і ягоны ўклад у Вялікую Перамогу годны памяці. Вельмі хачу, каб у раённай газеце змясцілі бацькаў фотаздымак, магчыма, хто-небудзь прызнае яго і ўспомніць былыя гады…
Марыя Калістратаўна СМЕЛАЯ, в. Мікіціха.
Надрукавана ў №27 ад 07.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *