Шуміліншчына прываблівае патэнцыялам у АПК

У рамках Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана Віцебскую вобласць пасля дэлегацыі Кашкадар’інскай вобласці наведала дэлегацыя Андыжанскай вобласці на чале з хакімам Шухратбекам Абдурахманавым.
Гасцей цікавіў патэнцыял супрацоўніцтва ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, турыстычным бізнесе і сферы вышэйшай адукацыі. Госці наведалі Шумілінскі, Бешанковіцкі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Віцебскі і Лёзненскі раёны.
Прайшлі перагаворы старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Рагожніка з Шухратбекам Абдурахманавым, у ходзе якіх былі дасягнуты ключавыя дамоўленасці: набыццё жывёлагадоўчых аб’ектаў ў 4 раёнах (Шумілінскі, Лёзненскі, Гарадоцкі і Бешанковіцкі); стварэнне бульбаводчага кластара на 2 тыс. га супрацоўніцтва ў дрэваапрацоўцы. На бягучым тыдні запланавана адкрыццё Гандлёвага дома Узбекістана ў Віцебску.
Аляксандр Рагожнік запэўніў замежных гасцей: “З беларускага боку будуць створаны ўсе ўмовы для вядзення бізнесу, працы і адукацыі”.
У Шумілінскім раёне замежных гасцей, якія прыехалі з намеснікам старшыні аблвыканкама Анжалікай Нікіцінай, цікавілі магчымасці для развіцця праектаў у жывёлагадоўлі. Старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч паказаў гасцям з Андыжана шэраг жывёлагадоўчых аб’ектаў, якія можна выкарыстоўваць для ажыццяўлення праектаў. Бакі абмеркавалі кропкі ўзаемадзеяння і намецілі планы па рэалізацыі сумесных праектаў, якія паспрыяюць развіццю аграпрамысловага комплексу раёна.
«Зараз ідуць перагаворы аб набыцці трох аб’ектаў жывёлагадоўлі, – адзначыў Мікалай Будневіч. – Грамадзяне Узбекістана плануюць пераехаць у наш раён, каб працаваць на мясцовых прадпрыемствах, у тым ліку і на тых, што будуць стварацца узбекскімі партнёрамі».
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
