Энергія маладосці робіць лета незабыўным
Другая змена ў аздараўленчым лагеры «Пунсовы ветразь» праляцела незаўважна і пакінула пасля сябе шмат яркіх успамінаў. І гэта невыпадкова: галоўную ролю ў поспеху адыграла каманда маладых педагогаў, якія здолелі стварыць атмасферу творчасці, дабрыні і шчырай дзіцячай дружбы.
Як адзначыла начальнік лагера Святлана Раманава, змена атрымалася насычанай і цікавай дзякуючы таму, што большасць выхавальнікаў і педагог-арганізатар – гэта маладыя спецыялісты, якія працуюць ва ўстановах адукацыі раёна. Іх крэатыўнасць, энергія і ўменне быць на адной хвалі з дзецьмі сталі ключавымі фактарамі поспеху.
Цэнтральнай фігурай другой змены стала педагог-арганізатар Аляксандра Шабанава, настаўнік замежных моў Башнеўскай школы. Для яе гэта ўжо другая змена ў лагеры. На першай змене яна была выхавальнікам, на другой – педагогам-арганізатарам, і на трэцюю таксама плануе працаваць на гэтай пасадзе. Дзякуючы яе ініцыятыўнасці і нестандартнаму падыходу дзеці запомнілі і ўрачыстае адкрыццё альтанкі дружбы з удзелам расійскіх гасцей, і конкурсы «Міс і Містар лагера», і патрыятычную вечарынку «Беларусь у рытме сэрца», і шматлікія флэшмобы. Аляксандра прызнаецца, што працавалася лёгка, бо побач былі такія ж маладыя і ініцыятыўныя калегі.
Асаблівай увагі заслугоўвае каманда выхавальнікаў. Разам з Аляксандрай працавалі Марыя Мелюха (Марыя будзе працаваць і на трэцяй змене) і Юлія Броўкіна – настаўнікі пачатковых класаў СШ № 1 г. п. Шуміліна, якія арганізавалі дзяцей і зрабілі кожны дзень святам. Да іх далучылася Аляксандра Жыгунова, дэфектолаг Шумілінскага дзіцячага сада № 4.
А кіраўніком фізічнага выхавання была Кіра Блахіна з дзіцячага сада № 1 – смелая і рашучая, яна стала сапраўдным рухавіком спартыўных мерапрыемстваў.
Нягледзячы на малады ўзрост, дзяўчаты ўжо выхавальнікі са стажам: Марыя Мелюха і Юлія Броўкіна летась працавалі ў лагеры, Кіра Блахіна – пазалетась.
Маладыя спецыялісты не баяліся эксперыментаваць, шчыра ўключаліся ва ўсе задумы і зараджалі дзяцей сваім настроем. Яркія мерапрыемствы спартыўныя спаборніцтвы, патрыятычныя акцыі – усё гэта стала магчымым дзякуючы згуртаванай рабоце моладзі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.

