За рулём трактара – практыкант
Сучасны «Беларус‑1221» – гэта не віртуальны трэнажор. У рэальнасці ўсё больш складана, хвалююча і адказна, кажа Станіслаў КАЛЬНІН, трэцякурснік Гарадоцкага каледжа, які зараз дапамагае нарыхтоўваць кармы раённым аграрыям.
Станіслаў родам з Амбросавіч, таму для праходжання практыкі выбраў бліжэйшае сельгаспрадпрыемства – ААТ «Прыазёрны мір». Паколькі ў хлопца ў кішэні правы трактарыста-машыніста, яму даверылі «Беларус-1221». У маі падвозіў азотныя ўгнаенні на палеткі, ваду для кароў на поле, перацягваў домікі для пастухоў. У чэрвені яму даверылі адвозіць здробненую зялёную масу травы з палеткаў да сянажнай траншэі.
«Мне падабаецца працаваць на трактары, – падзяліўся Станіслаў. – У каледжы мы апрацоўваем палеткі, мне давяралі МТЗ-3522, да якога падчапляў сеялку, бароны, плугі. Так што на трактары «Беларус-1221» працаваць няцяжка. Тэорыю вывучаў, а тут яна быццам навобмацак. Для мяне гэта першы вопыт работы на нарыхтоўцы кармоў. На практыцы і вопыту набяруся, і грошай зараблю».
Наперадзе ў хлопца яшчэ адзін курс вучобы ў каледжы. У ААТ «Прыазёрны мір» будуць вельмі задаволены, калі Станіслаў Кальнін размяркуецца на малую радзіму. Такія маладыя адказныя механізатары сельгаспрадпрыемству вельмі патрэбныя.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

