В «АгроБоровинке» этой весной планируют засеять полторы тысячи гектаров

Новости Сельское хозяйство

Зямля гатова – час араць

Яшчэ калі начамі падмарожвала, механізатары ААТ «АграБаравінка» спрабавалі выехаць з плугамі то ў адно ўрочышча, то ў другое. Але зямля не пакаралася магутным плугам. І толькі пасля дажджу ў апошні сакавіцкі дзень прыступілі да ворыва.

Механізатары Анатоль Васілевіч і Павел Баршынаў.

Намеснік дырэктара ААТ «АграБаравінка» Мікалай Рыбікаў расказаў, што на вясну нагрузка на механізатараў немалая – трэба ўзараць тысячу гектараў. Агульны план сяўбы зерневых, кукурузы і аднагадовых – паўтары тысячы гектараў. Гаспадарка ўдзячна за падтрымку і дапамогу да пасяўной Віцебскаму мясакамбінату, у інтэграцыйную структуру якога ўвайшла з мінулага года. Адтуль выдзелілі механізаваны атрад для вывазу арганікі ад ферм – некалькі дзён на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства працавалі два «Кіраўцы» і адзін «Амкадор». А мясцовыя механізатары змаглі ў гэты час давесці да ладу тэхніку – прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, якія перад нашым прыездам пабывалі ў гаспадарцы, адзначылі добрую падрыхтоўку трактароў.
На ўзгорку за Дубраўскімі працуюць Павел Баршынаў, які за дзень паспявае ўзараць пяцікорпуснымі плугамі да 12 гектараў, і Анатоль Васілевіч (у яго чатырохкорпусныя) – да 8 га.
– Калі сіноптыкі паабяцалі пацяпленне і мы нарэшце выехалі на палеткі, на душы неяк павесялела, – усміхаюцца механізатары. – Зямля гатова, значыць, трэба араць з раніцы да цёмнага. У прынцыпе так і робім. Спадзяемся на добрыя заробкі падчас пасяўной.
Ворыва ў гаспадарцы пачалі самыя вопытныя. Павел Баршынаў – адзін з лідараў у раёне, кожны год выходзіць пераможцам раённых спаборніцтваў. А Анатоль Васілевіч увогуле ў сельскай гаспадарцы працуе паўстагоддзя. Думаў, што будзе спакойна жыць на заслужаным адпачынку, але ж рукі цягнуцца да тэхнікі, да таго ж мясцовае кіраўніцтва папрасіла прыйсці зноў працаваць. Ну, як жа тут адмовіш? Тым больш, што механізатараў у гаспадарцы не хапае.
– Напішыце ў раённай газеце, што мы запрашаем на работу механізатараў – як на часовую, так і пастаянную, – кажа Мікалай Рыбікаў. – Заробак абяцаем добры, і ўмовы працы адпаведныя. Калі будзе дастаткова механізатараў, зможам арганізаваць ворыва, баранаванне і чызеляванне ў дзве змены. Гэта значыць, падрыхтуем глебу да сяўбы ў два разы хутчэй.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №25 ад 02.04.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *