В Шумилинском районе старт посевной дал КУСХП «Улльский»

Главное Сельское хозяйство

Пасяўная пачала свой адлік

Старт сяўбе яравых на Шуміліншчыне далі ў КУСГП «Ульскі». Да гэтага дня кардонскія механізатары старанна рыхтаваліся ўсю зіму. І нарэшце ў першы красавіцкі дзень выехалі працаваць на палеткі.

Глеба ва ўрочышчы Чэрчыцы ля Дзвіны была поўнасцю гатова да пасяўной. Мяккая і рассыпчатая пасля барон і чызеляў, яна так і прасіла пасеяць насенне. І яго сеялі. З шасцімятровым пасяўным агрэгатам працаваў Уладзімір Прыгун, з трохмятровым – Васіль Аглушэвіч. У тандэме механізатары меркавалі засеяць за дзень больш за сорак гектараў зернебабовых. Увогуле работы на палетках вяліся ў комплексе: Аляксандр Кляцкоў і Уладзіслаў Іваноў працавалі з чызелямі, Аляксандр Баранаў – з баронамі, Дзмітрый Цярэнцьеў быў задзейнічаны на падвозцы насення.
– Будзем спяшацца хутчэй адсеяцца ля Дзвіны, бо вільгаць уходзіць на вачах, – падзялілася планамі дырэктар КУСГП «Ульскі» Валянціна Лабейка. – Як кажуць, ранні старт на пясчаных глебах – гэта залог добрага ўраджаю. Палеткі гаспадаркі па сваёй структуры вельмі розныя. На прыдзвінскіх ужо суха, а вось на Обальшчыне пакуль не ўз’ехаць.
Таму ў ульскіх механізатараў атрымліваецца перапынак пасля сяўбы ля Дзвіны. Але ж гэта не значыць, што яны будуць сядзець без справы. Кіраўніцтва Полацкай інтэграцыйнай структуры, куды ўваходзіць гаспадарка, знайшло для механізатараў падпрацоўку на Ушаччыне – туды і мяркуюць паехаць на прарыў, пакуль высахнуць уласныя обальскія палеткі.
У «Ульскім» па плане трэба засеяць 500 га яравых зерневых, 250 га кукурузы, 100 га яравога рапсу, 150 га аднагадовых. Пасля зернебабовых пачнуць сеяць пшаніцу. Частка насення ёсць уласнага, яшчэ 10 тон элітнага насення мяркуюць набыць у сельгаспрадпрыемствах «Кушлікі» і «ГараныАгра» Полацкага раёна.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №26 ад 06.04.2021 г.

Механізатары КУСГП «Ульскі» Дзмітрый Цярэнцьеў, Уладзіслаў Іваноў, Аляксандр Кляцкоў, Уладзімір Прыгун, Васіль Аглушэвіч далі старт пасяўной-2021.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *