О чём писала газета “Ленінскі шлях” Сиротинского района (теперь «Герой працы» Шумилинского района) в своём первом номере 24 января 1932 года.

Актуалии Общество

Па старонках першага нумара. Пад знакам чалавека
У сваім першым нумары (24 студзеня 1932 года) друкавала газета наступныя матэрыялы. Першая старонка адкрывалася шапкай: “Змагацца за права рапартаваць XIV з’езду КП(б)Б”. Расказвалася пра працоўнае змаганне ўсяго СССР у 1932 годзе, паведамлялася аб намячаемых здабытках сіроцінцаў. Раён меўся павялічыць пасяўныя плошчы лёну на 3799 гектараў, укамплектаваць 25 малочнатаварных ферм 25000 каровамі, 50 цялятнікаў – 5 тысячамі жывёлін, збіраліся змагацца за “чатыры каняводчыя расаднікі на 150 коней”, “за набыццё чатырох ільнозаводаў за 400 тысяч рублёў”, “за падняцце вытворчасці прадукцыі ў саўгасах на 25 і калгасах – на 20 працэнтаў” і г. д.
Ці толькі як падарункі чарговаму партыйнаму з’езду меркавалася выканаць усё гэта? Хутчэй за ўсё, так яно было на словах, а на справе, вядома ж, інакш. Сабе рабілі падарункі і гараджанам, падарункі ў выглядзе прадуктаў і мануфактуры, вырабленай з таго ж лёну.
І стараліся. Сведчанне таму такая заметка “Ударніцы-калгасніцы змагаюцца за лён”. Яна паведамляла, што “3 студзеня 1932 года адбыўся раённы злёт ударніц-калгасніц, змагароў за выкананне плану ільну ў колькасці 155 асоб”… З заметкі даведваемся, што калгасніцы Вялюга, напрыклад, атропвае 50 фунтаў, Краснаўцова – 45 фунтаў, Чарнабрысава і Аўласава – па 40 фунтаў лёну.
Другая заметка “Раўняцца на перадавікоў” хваліць калгас “Чырвонае Сормава”, які план ільнонарыхтоўкі выканаў на 210 пудоў замест 140. Заканчваецца яна гэтак: “Калгас патрэбна прэміраваць!”
А вось у матэрыяле пад загалоўкам “Ударыць па апартуністычнаму самацёку ў справе нарыхтовак” падаецца разам са зводкай каментарый аб ходзе нарыхтовак хлеба, бульбы, ільновалакна і льносемя.
Тут жа, на другой старонцы, аб дрэнным утрыманні жывёлы ў шэрагу калгасаў і сельсаветаў, аб тым, што “калгасам” Серп і Молат” пасеяна 160 гектараў ільну, але ж у выніку галавацяпства, бяздзейнасці праўленне калгаса тармозіць арганізацыю здзельшчыны, павышэнне прадукцыйнасці працы, зрывае выкананне плана ільнонарыхтовак. Праўленцы размаўляюць аб адсутнасці якой-та сілы, сродкаў і г. д., у той час, калі ўся мажлівасць і сродкі ў калгасе ёсць”. І подпіс – “Шыла”.
Дарэчы, ужо адны толькі загалоўкі маюць мэту біць, як кажуць, у цэль: “Саламонік праводзіць кулацкую ўраўнілаўку”, “Тушын супраць ударніцтва”, “Жулаў супраць плана” і г. д. Напрыклад, гаворыцца, што той жа Жулаў “у Мішневіцкім сельсавеце масавую работу па нарыхтоўках падмяніў голым адміністыраваннем, увёў практыку штрафаў. Тут робяць падворны абход, каб знайсці збожжа”.
Шмат месца адводзіць раёнка палітычным справам у раёне. Вось цераз усю трэцюю старонку шапка: “Вышэй тэмпы разгортвання марксісцка-ленінскай вучобы”. А тэмпы тыя і раней, відаць, былі не вельмі, каб вельмі і прыахвоціць многіх да гэтай карыснай справы было не так ужо і проста. Хаця, па ўсіх мерках, людзі без гэтага не павінны былі жыць, аб чым сведчаць матэрыялы: “Раўнуючы агонь па зрыўшчыках партасветы”, “Бранштэйн і Нікінатаў зрываюць партвучобу”, “Мядзведкін зрывае партвучобу” – гэта некалькі загалоўкаў з “ідэалагічнай абоймы”.
Што рабілі, напрыклад, Бранштэйн і Нікінатаў? Яны “замест таго, каб пайсці вучыцца ў партыйнай школе (былі такія ў раёнах), дзе залічаны слухачамі, гулялі ў карты. Карцёжная гульня Бранштэйна і Нікінатава адбываецца сістэматычна. Партячэйка павінна заняцца паводзінамі гэтых сяброў партыі”. Заметку тую падпісаў Туз. Думаецца, пасля гэтага, сябрам-карцёжнікам крыць не было чым. Тое ж самае, відаць, і з Мядзведкіным – сакратаром Лаўжанскай партячэйкі, які недаацэньваў партвучобу.
Увогуле, крытычных матэрыялаў з усіх сфераў жыцця раёна ў першым нумары газеты было шмат. Яно вельмі і вельмі зразумела. Адно, што газета заяўляла аб пачатку свайго існавання, а другое – і ў жыцці ўсіх “вольніцы” рознай было нямала, і аб гэтым маўчаць нельга было.
Асабліва парадаваў мяне, як журналіста, падвал газеты з загалоўкам на ўсе пяць калонак: “Бальшавіцкі друк – самая вострая зброя ў барацьбе за генеральную лінію партыі”. Адкінем тут вызначэнне прыналежнасці друку, бо газета ўсё-такі заўсёды была словам народным, галоўнае тут змест надрукаванага артыкула “Абураючы выпад Федзько”. Хто такі Федзько? А бухгалтар торфазавода. Што зрабіў ён? Ды сарваў насценгазету, у якой крытыкаваліся дырэктар Шчапакоўскі, прараб Руслевіч і іншыя адказныя асобы за тое, што зняважліва адносяцца да рабочых, не прыслухоўваюцца да іншай думкі, затушоўваюць недахопы. Некаторыя з кіраўніцтва п’юць і хуліганяць у жаночым інтэрнаце і г. д.
Хтосьці, чытаючы гэтыя радкі, усміхнецца, маўляў, во дробязь якая – насценгазета. У нас у калгасе ці саўгасе, на прадпрыемстве ці ўстанове яе наогул не выпускаюць і мала каму клопатаў. Во-во! Клопатаў мала, затое недахопаў і прыкладаў падобных на тыя гады, яшчэ шмат. Але ж упэўнены, і сёння многім было б не па душы, калі б пэўныя ўчынкі мы часцей выносілі на суд грамадскасці.
Гэты, бадай, і закончу агляд першага нумару раённай газеты. Мяркую, што журналістам сённяшняй раёнкі яшчэ на доўгі час хопіць сіл на тое, як і з чым змагацца, каб і надалей зямля шумілінская ахарошвалася, каб, дзякуючы “Герою працы” большала герояў працы і на прадпрыемстве, і на ферме, на полі, і ў школе.
Канстанцін КУДЛАЕЎ, член Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь (№ 7 ад 25.01.1992 года).
Надрукавана ў №7 ад 24.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *