Прокуратура контролирует ход посевной

Новости Сельское хозяйство

Пасяўная на строгім кантролі

– У нашым раёне пачалася пасяўная, – расказвае перад пачаткам рэйду намеснік пракурора раёна Арсеній Дзянісаў. – Пракуратурай раёна будуць праводзіцца пастаянныя рэйдавыя мерапрыемствы. Пажарная бяспека, ахова працы,  парушэнні працоўнай дысцыпліны, арганізацыя і ход пасяўной – тыя моманты, на якія будзем звяртаць увагу пры выездзе ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. Пакуль што да пасяўной прыступілі толькі ў «Ульскім», сюды і будзе першы рэйд.

Арсеній Дзянісаў з Валянцінай Лабейкай і механізатарамі Васілём Аглушэвічам і Уладзімірам Прыгуном на месцы правядзення палявых работ.

Пра ход веснавых работ намесніку пракурора расказала кіраўнік «Ульскага» Валянціна Лабейка. Валянціна Уладзіміраўна падкрэсліла, што ўся тэхніка гатова да пасяўной кампаніі, палівам гаспадарка забяспечана, маецца запас на некалькі дзён. «Падчас сяўбы механізатары працуюць з 7 гадзін раніцы і да 19 гадзін, – адзначае кіраўнік гаспадаркі. – Для механізатараў арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, за якое яны будуць плаціць 10% ад кошту. Штодзённа прывозім табелі ўліку, у якіх указваецца заробак за дзень. Так, пры выкананні і перавыкананні планавых паказчыкаў заробак складае да 100 рублёў за дзень».
Цікавіўся Арсеній Дзянісаў узаемадзеяннем гаспадаркі з інтэграцыйнай структурай. На гэта Валянціна Уладзіміраўна адзначыла, што ў гаспадарцы разлічваюць у першую чаргу на свае ўласныя сілы і за дапамогай у інтэграцыйную структуру звяртаюцца толькі ў надзвычайных выпадках.
Падчас гаворкі закранулі тэму будучага ўраджаю. «Неабходна павышаць ураджайнасць. Дзеля гэтага трэба шукаць аптымальныя спосабы апрацоўкі глебы і, зразумела, выкарыстоўваць пры сяўбе элітнае насенне», – канстатаваў Арсеній Дзянісаў. Валяціна Лабейка расказала, што ў «Ульскім» набылі элітнае насенне ў гаспадарках Полацкага раёна, ураджай плануюць сабраць як мінімум на 10-15% больш, чым у мінулым годзе.
Намеснік пракурора наведаў і палеткі, на якіх вядзецца сяўба, размаўляў з механізатарамі, цікавіўся ўмовамі працы і тэхналагічным працэсам сяўбы.
– Арганізацыя пасяўной у «Ульскім» парадавала, – падсумаваў вынікі рэйду Арсеній Дзянісаў. – Да гэтага адказнага перыяду ў гаспадарцы добра падрыхтаваліся. Прадуманы і арганізаваны ўсе моманты пасяўной. Калі ўсё так будзе і ў іншых гаспадарках раёна, то сёлетняя пасяўная ў нас пройдзе без хібаў і праблем.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №28 ад 13.04.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *