«Чалавек года Шуміліншчыны»: Аляксандр Раманятаў

Главное Сельское хозяйство

Па душы працаваць на зямлі

Аляксандра Раманятава, інжынера ААТ «Прыазёрны мір», калі не асабіста,
дык завочнаведаюць чытачы. Ён часты герой публікацый. Па выніках работы за 2020 год ён атрымаў ганаровае званне «Чалавек года Шуміліншчыны».

Аляксандр Раманятаў лічыць, што на любой рабоце трэба быць старанным – тады і толк будзе. Зараз ён працуе ў ААТ «Прыазёрны мір». Сюды яго запрасілі на пасаду інжынера машынна-трактарнага парка. Згадзіўся з умовай, што ў прыпар сам будзе працаваць на трактары. Так і павялося: інжынер Аляксандр Раманятаў падчас пасяўной, нарыхтоўкі кармоў і жніва яшчэ і механізатар, і камбайнер. Сам працуе на палетках, пры неабходнасці дапамагае калегам, кантралюе рабочы працэс.
Пытаюся ў Аляксандра, ці цяжка на дзвюх пасадах. «Ды не, – смяецца ён. – Мне падабаецца працаваць на зямлі, праца зранку да цёмнага не пужае. Люблю сваю работу, і калі павярнуць час назад, то зноў бы выбраў справу, якой займаюся».
У падпарадкаванні інжынера Раманятава больш за трыццаць механізатараў. Аляксандр кажа, што калектыў згуртаваны і надзейны. А інжынер тут не камандзір, а калега, сябар, аднадумца, які сам дасць параду, але і думкі людзей не ігнаруе. Інжынер паказвае прыклад у рабоце: два гады запар быў першым камбайнерам-тысячнікам у раёне. А ўвогуле прымаў віншаванні як тысячнік пяць разоў.
Зараз на палетках прыпар, і Аляксандр Раманятаў садзіцца на свой «Кіравец» – і ўперад. З дзевяцікорпуснымі плугамі за светлавы дзень паспявае ўзараць да трыццаці гектараў.
Аляксандрам Леанідавічам, яго працоўнымі дасягненнямі і руплівасцю, ганарыцца і яго надзейны тыл – сям’я: жонка Марына (інжынер па ахове працы КУСГП «Сіроцінскі»), дочкі Вікторыя і Аліна, маленькі сын Данііл.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №29 ад 16.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *