В Шумилино прошёл традиционный слёт выпускников

Главное Молодёжь Образование

Акно ў свет прафесій

16 красавіка ў Шуміліне прайшоў традыцыйны злёт выпускнікоў устаноў адукацыі раёна. На злёт былі запрошаны вучні 9-х і 11-х класаў сярэдніх і базавых школ раёна.

Выпускнікоў вітаў першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Руслан Яскевіч, які адзначыў, што ў нашым раёне работу знойдзе спецыяліст любой прафесіі.

У многіх сферах, уключаючы сельскую гаспадарку, склаўся дэфіцыт кваліфікаваных кадраў, як спецыялістаў, так і рабочых. Арганізацыі раёна гатовы даць мэтавыя накіраванні на абучэнне па неабходных спецыяльнасцях у сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Маладыя спецыялісты, якія прыйдуць у раён, маюць пэўныя гарантыі, якія поўнасцю забяспечваюцца.
Перад выпускнікамі выступілі кіраўнікі арганізацый і ўстаноў раёна, якія расказалі пра неабходныя ім прафесіі: адукацыю і сельскую гаспадарку, ахову здароўя і будаўніцтва, лясную гаспадарку і сферу паслуг. Так, у цэнтральнай раённай бальніцы, паведаміла галоўны ўрач установы Святлана Лінкевіч, ёсць патрэба ў 8 ўрачах розных спецыяльнасцей, 9 работніках сярэдняга медперсаналу.
Свае навучальныя ўстановы рэкламавалі прадстаўнікі прафесійных ліцэяў, каледжаў, універсітэтаў Віцебскай вобласці і рэспублікі. Кожны з іх дэманстраваў відэаролікі пра свае ўстановы, якія давалі магчымасць пазнаёміцца з жыццём студэнтаў і навучэнцаў. Сучасныя навучальныя ўстановы даюць магчымасць студэнтам і навучэнцам асвойваць прафесіі і спецыяльнасці на самай сучаснай тэхніцы і абсталяванні, з выкарыстаннем навейшых тэхналогій, дзейнічае сістэма непарыўнай прафесійнай адукацыі ад сярэдняй да вышэйшай са скарочанымі тэрмінамі навучання.
Студэнты падчас вучобы маюць магчымасць паўдзельнічаць у прафесійных конкурсах нават на міжнародным узроўні, паказаць тое, чаму навучыўся за час, праведзены ў ліцэі, каледжы ці ўніверсітэце.
Да таго, установы адукацыі даюць магчымасць сваім навучэнцам усебакова развівацца: займацца спортам, музыкай, танцамі, спевамі, іншымі відамі творчасці, праводзіць вольны час цікава. Што пацвердзілі студэнты – удзельнікі вакальнай групы з Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, які рыхтуе спецыялістаў для будаўнічай галіны, яны выканалі некалькі музычных нумароў.

Насычаная сустрэча стала для шумілінскіх школьнікаў сапраўдным акном у свет прафесій. Пасля злёту яны падзяліліся сваімі ўражаннямі аб гэтай падзеі.

Ульяна Пушкарова (11 клас, Кардонская СШ): «Пераконваць адзінаццацікласнікаў напярэдадні выпуску вялікага сэнсу няма. Я, напрыклад, ужо вырашыла, што буду педагогам, і адпаведна рыхтуюся да паступлення. Лічу, што такія сустрэчы вельмі карысныя для вучняў 10 класаў, якія яшчэ не вызначыліся з прафесіяй, і для дзевяцікласнікаў, бо было прадстаўлена шмат навучальных устаноў, якія прымаюць менавіта выпускнікоў 9 класаў. У цэлым злёт спадабаўся, было цікава».

Дзмітрый Галаўко (9 клас, Амбросавіцкая яслі-сад – базавая школа): «Мне было вельмі цікава, шмат даведаўся пра розныя прафесіі і розныя навучальныя ўстановы. Але сам вырашыў паступаць у Ульскі прафесійны ліцэй. Буду механізатарам. Да таго, там даюць і яшчэ некалькі дадатковых прафесій».

Данііл Антаноўскі (9 клас, СШ №1 г.п. Шуміліна): «Вельмі пазнавальная і цікавая размова. Думаю, што для мяне яна карысная, ёсць пра што падумаць, бо я яшчэ не вызначыўся з выбарам прафесіі і вучобай пасля заканчэння 9 класа».
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №30 ад 20.04.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *