Мерапрыемства з нагоды 35-годдзя трагедыі на Чарнобыльскай АЭС прайшло 26 красавіка ў Шуміліне

Новости Общество

Рэха выбуху чутна і сёння

Мерапрыемства з нагоды 35-годдзя трагедыі на Чарнобыльскай АЭС прайшло 26 красавіка ў Шуміліне. Мерапрыемства, падрыхтаванае работнікамі культуры, атрымалася годным і неабходным для аднаўлення чалавечай памяці і ўмацавання нашай агульнай адказнасці за лёс планеты.

У той год вясна ў Беларусі разгулялася рана, і ў канцы красавіка ўжо многія загаралі, асабліва ў паўднёвых раёнах – там, дзе здарылася трагедыя.
26 красавіка 1986 года на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі здарылася буйнейшая ў гісторыі атамнай энергетыкі аварыя. На кадрах фотахронікі мы бачым па-летняму апранутых людзей, якія грузяцца ў аўтобусы, у тысячы аўтобусаў. З аўтобусаў яны глядзяць на родны дом, многія – у апошні раз.
Грамадзянскае насельніцтва эвакуіравалася. А рабочыя і спецыялісты АЭС, ваенізаваная пажарная часць з першых хвілін кінулася ў палаючае пекла, голымі рукамі разграбалі завалы, даставалі раненых, тушылі ачагі пажару і не далі агню перакінуцца на іншыя блокі станцыі. Для першых ратавальнікаў гэты вогненны бой стаў апошнім…
І праз 35 год мы адчуваем гэты смурод, гэты жахлівы атрутны разгул атама, які вырваўся з-пад кантролю. У зале, дзе праходзіць мерапрыемства, напружаная цішыня. Кожны прапускае гэты боль цераз сябе, разглядваючы выставу з няхітрым рыштункам выратавальнікаў, гартаючы старонкі відэачасопісу.
Ад тых, каму выпала быць у эпіцэнтры трагічных падзей, слова бярэ палкоўнік Генадзь Шынкевіч. Генадзь Канстанцінавіч уваходзіў у склад рабочай групы Грамадзянскай абароны, якая займалася ліквідацыяй наступстваў аварыі на ЧАЭС (тады Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у Беларусі яшчэ не было). Два месяцы – з 26 чэрвеня па 26 жніўня 1987 года – ён працаваў у Чарнобылі, на свае вочы бачыў, якую бяду ўчыніў выбух, якое калецтва ён прынёс прыродзе і людзям. Палкоўнік нагадаў, што трагедыі магло б не быць, калі б не шэраг грубых памылак. Памылак чалавека. А рэха гэтага выбуху чутна і сёння.
Дзень 26 красавіка – гэта сімвал болю і адначасова сімвал мужнасці, адвагі, сказала ў сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Ірына Іванаўна расказала, што шумілінцы не засталіся ў баку, 197 нашых землякоў маюць непасрэднае дачыненне да ліквідацыі наступстваў аварыі, 55 з іх лічацца ліквідатарамі. Многія шумілінцы аказвалі ўсямерную дапамогу перасяленцам, дзяліліся з імі ўсім, што мелі самі. Ад імя райвыканкама яна выказала ўдзячнасць і тым, хто працаваў у Чарнобылі, і тым, хто ў Шумілінскім раёне знайшоў сваю другую радзіму. І. І. Шалахава выказала спадзяванне, што беларускі атам будзе самым надзейным у свеце.
У памяць пра ліквідатараў, якіх забрала чарнобыльскае полымя і тых, хто пайшоў з жыцця пазней, атрымаўшы непамерную дозу радыяцыі, у памяць пра атручаныя чарнобыльскія землі, рэкі, руды лес у зале адна за адной запальваюцца свечкі – як памяць і надзея, што такога больш ніколі не здарыцца.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №33 ад 30.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *