Чем живёт шумилинский участок почтовой связи?

Новости Общество

Пошта: развіццё паслуг і павышэнне якасці іх аказання

Сёння, 7 мая, сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі адной з самых папулярных, запатрабаваных, масавых і даступных усім катэгорыям насельніцтва (гарадскога і вясковага) служб – работнікі пошты. Чым жыве шумілінскі ўчастак паштовай сувязі, якія задачы ставіць і выконвае, як удасканальвае работу з людзьмі ў сучасных умовах? – гэтыя і іншыя пытанні паштовага абслугоўвання насельніцтва раёна былі дэталёва абмеркаваны на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло пад кіраўніцтвам старшыні Савета Мікалая Будневіча. Пра становішча спраў на падведамасным участку расказала начальнік участка паштовай сувязі Алеся Новікава.

Спецыяліст па паштовай дзейнасці Валянціна Прыстаўка пакуль адзіная працуе на электронным комплексе «Мабільны паштальён».

Участак паштовай сувязі Шуміліна сёння – гэта 13 аддзяленняў паштовай сувязі (у тым ліку тры гарадскія – Обаль, Шуміліна-1 і Шуміліна-2), 3 пункты паштовай сувязі (Амбросавічы, Крывое Сяло, Сураўні). На тэрыторыі раёна курсіруюць перасоўныя машыны (маршруты Сіроціна, Добрына, Пабеда, Лескавічы), якія прадастаўляюць усе віды паслуг сувязі.
Колькасць паштовых работнікаў складае 39 чалавек, з іх 28 паштальёнаў, якія абслугоўваюць 255 населеных пунктаў, 2630 пенсіянерам дастаўляюць пенсіі.
Рэаліі часу прымушаюць паштовых работнікаў лічыць грошы, у сувязі з чым прымаюцца рашэнні па рэарганізацыі стратных аддзяленняў. На працягу апошніх 5 год у раёне былі зачынены два аддзяленні, яшчэ тры былі пераведзены ў пункты паштовай сувязі. Накладваюць свой адбітак натуральныя страты вясковага насельніцтва, перавод пенсіянераў на абслугоўванне ў банкі. Па словах начальніка ўчастка, на 2021 год запланавана аптымізацыя двух АПС.
Стабільнае фінансавае становішча шумілінскага ўчастка паштовай сувязі з’яўляецца важнай характарыстыкай дзелавой актыўнасці, вызначае яго патэнцыял, з’яўляецца паказчыкам эфектыўнай рэалізацыі эканамічных інтарэсаў ўсіх работнікаў, якія ўдзельнічаюць у гаспадарчай дзейнасці.
Так, па выніках работы за 2020 год участак паштовай сувязі выканаў асноўныя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Выручка склала 103,9% (рост да ўзроўню мінулага года 119,5%). Назіраецца рост выручкі ад аказання як профільных, так і няпрофільных паслуг.
Найбольшую ўдзельную вагу ў выручцы (59%) складаюць паштовыя паслугі сувязі, хаця пяць год таму яны былі 70,8%. На першым месцы – дастаўка пенсій, на другім – друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, на трэцім – пісьмовай карэспандэнцыі. Набіраюць абарот сучасныя паслугі паскоранай пошты (займае ў даходах 1,5% супраць 0,1% пяць год таму).
Значная ўвага надаецца паляпшэнню ўмоў працы і павышэнню якасці абслугоўвання кліентаў. У 2020 годзе праведзены капрамонт АПС Обаль, закуплена халадзільнае і маразільнае абсталяванне, заменена камп’ютарная сістэма, абноўлены аўтамабільны парк (набыты два аўтамабілі). У гэтым годзе праведзены бягучы рамонт пункта паштовай сувязі Сураўні. Як расказала Алеся Новікава, сёлета запланаваны рамонт сельскіх аддзяленняў сувязі з устаноўкай і заменай хала-дзільнага абсталявання, паліц для тавараў народнага спажывання.
Шумілінскія паштавікі праводзяць вялікую работу па развіцці паштовых паслуг і захаванні існуючай сеткі. Участак паштовай сувязі атрымаў першае мабільнае ўстройства «Мабільны паштальён» для прыёму ўсіх відаў паслуг у рэжыме рэальнага часу. На дадзены момант мабільнае ўстройства функцыянуе на аўтамабільным маршруце Шуміліна-Крывое Сяло. На працягу года яно будзе закуплена для ўсіх сельскіх паштальёнаў. Гэта аблегчыць працу не толькі ім, але і начальнікам АПС, якія зараз апрацоўваюць квітанцыі ўручную. Вялікую зручнасць адчуе і насельніцтва: у апараце прадугледжана магчымасць разлічвацца за аказаныя паслугі плацёжнымі карткамі.
Быць бліжэй да кліента, забяспечваць высокі ўзровень абслу-гоўвання – прыярытэт пошты. Паштальён быў і застаецца доўгачаканым госцем у кожным доме. Паштовыя работнікі спадзяюцца, што іх старанні падтрымаюць жыхары раёна і з задавальненнем будуць карыстацца паслугамі сувязі.
Алена КАРПУШЭНКА.

Лічбы і факты
Штомесяц работнікі шумілінскага ўчастка паштовай сувязі:
– адпраўляюць з раёна каля 700 пасылак, дастаўляюць шумілінцам каля 2 тысяч пасылак;
– адпраўляюць з раёна каля 1,5 тысячы грашовых пераводаў, дастаўляюць жыхарам раёна больш за 700 пераводаў;
– адпраўляюць з раёна больш за 11 тысяч пісем, дастаўляюць жыхарам Шуміліншчыны больш за 23 тысячы пісем;
– паштальёны дастаўляюць больш за 58 тысяч экзэмпляраў друкаваных СМІ.

 

 

Апублікавана ў №35 от 07.05.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *