Перед Днём Победы в Шумилинском районе поздравили ветеранов войны

Беларусь помніць Главное

Дзякуй вам за мір і спакой

Напярэдадні Дня Перамогі прадстаўнікі раённай улады, ветэранскай арганізацыі, ваенкамата з віншаваннямі і падарункамі наведалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на тэрыторыі раёна.

Мікалай Чапурноў з праўнучкай Сонечкай.

Дзень 9 мая для жыхара Шуміліна, гвардыі радавога, кулямётчыка першага гвардзейскага мотастралковага батальёна чацвёртай гвардзейскай мотастралковай Смаленскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава брыгады Мікалая Мікалаевіча Чапурнова святочны ўдвайне. У гэты дзень ветэран нарадзіўся, а сёлета яшчэ адзначыў і юбілей. «Дзякуй вам за перамогу, сілу духа, доблесці, – сказала падчас віншавання намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. – Вы застаецеся прыкладам гераізму і стойкасці. Подзвіг людзей, якія захавалі для будучых пакаленняў мір, заўсёды застанецца прыкладам для ўсіх. Дзякуй вам за мір і спакой». Мікалай Чапурноў згадаў ваеннае ліхалецце: як ён абараняў нашу краіну на 3-м Беларускім фронце, як быў тройчы паранены, як быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, шматлікімі медалямі.

У гады вайны Раіса Бяззубенка працавала памочнікам машыніста.

Цёплыя сардэчныя віншаванні прымала працаўнік тылу Раіса Міхайлаўна Бяззубенка. У час Вялікай Айчыннай вайны жанчына працавала памочнікам машыніста ў электрасілавым цэху Тамбоўскага вагонарамонтнага завода, узнагароджана медалём «За доблесную працу ў Вялікую Айчынную вайну 1941-1945 гадоў». Старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах, жадаючы Раісе Бяззубенка здароўя і даўгалецця, адзначыла, што працаўнікі тылу рабілі важную справу і сваімі мазолістымі рукамі набліжалі перамогу.
Свае ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну ў жыхара блакаднага Ленінграда Віктара Паўлавіча Багатырова.

У ваеннае ліхалецце ён быў яшчэ дзіцём, тым не менш помніць, як паміралі людзі, як не хапала ежы і вады, помніць і смак таго кавалачка здзірванелага шэрага хлеба. Начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна аб’яднанага раённага ваеннага камісарыята Шумілінскага і Бешанковіцкага раёнаў Андрэй Собін падзякаваў ветэрану за стойкасць духу, пажадаў бадзёрасці і здароўя. Ветэран з жонкай падзякавалі раённым уладам за клопат пра іх – у райцэнтры ім выдзелілі кватэру са зручнасцямі.

З Днём Перамогі віншуюць партызанку Генадзію Лысанаву з Обалі.

Вельмі радавалася прыходу гасцей сувязная партызанскай брыгады імя С. М. Кароткіна Генадзія Эдуардаўна Лысанава з Обалі, якая ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны другой ступені. «Нізкі вам паклон за мужнасць, за гераізм, за тое, што ваявалі нараўне з мужчынамі і набліжалі для нас усіх Перамогу», – сказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч, які прыехаў павіншаваць сваю зямлячку.
Для кожнага з ветэранаў работнікі раённага цэнтра культуры, раённай бібліятэкі, Обальскага Дома культуры, вучні СШ № 1 г. п. Шуміліна і Обальскай СШ арганізавалі флэшмоб, выканаўшы пад вокнамі дамоў ветэранаў знакамітую песню «Дзень Перамогі». Дзеці ўручылі ветэранам кветкі і паштоўкі, вырабленыя сваімі рукамі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №36 ад 14.05.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *