На повестке дня Шумилинского райисполкома – отопительный сезон

Главное Новости

Рыхтуй шчапу летам

Вынікі ацяпляльнага перыяду 2020/2021 года і задачы па падрыхтоўцы да зімовага перыяду 2021/2022 года разгледзелі на пасяджэнні райвыканкама 28 мая.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў адзначыў, што ўзровень падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду вызначае якасць работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта тычыцца і ўсіх астатніх арганізацый і прадпрыемстваў. Каб зіма прайшла спакойна і без праблем, трэба напружана папрацаваць летам. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што вялікія аб’ёмы работ па падрыхтоўцы Шуміліна да абласных «Дажынак» не здымаюць адказнасці за падрыхтоўку да ацяпляльнага перыяду.
Намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Карпава прадставіла аналіз вынікаў работы арганізацый раёна ў прайшоўшы ацяпляльны перыяд, адзначыўшы, што была зроблена вялікая работа па падрыхтоўцы да яго, што забяспечыла выкананне ў асноўным неабходных параметраў. Мінулая зіма была халаднейшай за папярэднюю, таму расход умоўнага паліва быў большы на 3,7%. У паліўнай структуры 56,5% склалі мясцовыя віды паліва (МВП) (у папярэдні перыяд – 55,3%). Эканамічныя разлікі паказваюць, што сабекошт рэалізацыі 1 гігакалорыі цеплавой энергіі склаў 96,78 рубля, у тым ліку: на газе – 108,57 рубля, на шчапе – 72,23 рубля, на дровах і іншых відах паліва – 131,11 рубля.
Дакладчык спынілася на праблеме неплацяжоў за камунальныя паслугі, тых мерах, якія прымаюцца да пагашэння запазычанасці. Па стану на 1 мая пратэрмінаваная запазычанасць насельніцтва па 1115 асабовых рахунках склала 179, 3 тысячы рублёў.
Каб наступная зіма таксама прайшла без праблем, арганізацыям раёна трэба выканаць вялікі аб’ём падрыхтоўчых работ. Так, толькі УП ЖКГ неабходна адрамантаваць стыкаў сценавых панэляў 600 метраў пагонных, 3600 кв. м дахаў, перакласці 3 км цеплавых сетак на сучасную ПІ-трубу, адрамантаваць і прамыць у Шуміліне і Обалі цеплаабменнікі, цеплапункты, сістэмы ацяплення жылфонду і арганізацый. Камунальнай службе трэба замяніць на сучасныя 4 цеплаабменнікі ў жылых дамах райцэнтра, катлы ў в. Мішкавічы, Лескавічы, Сіроціна, правесці 2-ю чаргу рэканструкцыі цэнтральнай кацельні з устаноўкай катлоў на МВП, пабудаваць навес для шчапы на кацельні ў Обалі.
На пачатак ацяпляльнага перыяду УП ЖКГ трэба назапасіць 36 тысяч куб. м дроў, 45 тыс. куб. м шчапы, іншым арганізацыям – 22 тыс. куб. м дроў. На падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона неабходна 4,922 мільёна рублёў.
Кіраўніка раёна цікавілі канкрэтныя захады з боку зацікаўленых арганізацый па рабоце з даўжнікамі. Справаздачу трымалі дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў, кіраўнік групы па разлікова-пашпартным абслугоўванні г. п. Шуміліна Вольга Ганчар.
Віктар Гутараў запытаў пра магчымасць укаранення электрычнага ацяплення ў жылым фон-дзе раёна. Начальнік Шумілінскага РЭС Дзмітрый Муркоў патлумачыў, што ў Шуміліне такая магчымасць ёсць, у сельскай мясцовасці гэта больш складаная праблема. Старшыня райвыканкама запатрабаваў вывучыць магчымасць мантажу электраацяплення ў шматкватэрных дамах з пячным ацяпленнем у мікрараёне «Брыкет».
У прынятым рашэнні вызначаны адказныя асобы, канкрэтныя тэрміны па падрыхтоўцы жылога фонду, прадпрыемстваў і арганізацый да ацяпляльнага перыяду 2021/2022 года.
Другім пытаннем парадку дня пасяджэння райвыкнакама разгледжана падрыхтоўка на корманарыхтоўкі. Інфармацыю прадставіла намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Дубіневіч. Для стабільнай работы жывёлагадоўлі трэба нарыхтаваць 30,0 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву. З улікам страхавога запасу плануецца нарыхтаваць 38,7 тысячы цэнтнераў кармавых адзінак, у тым ліку па відах: сена – 2920 тон, сенажу – 75 500 тон, сіласу – 70 300 тон. Для гэтага маецца 5,7 тысячы га шматгадовых траў, 17,7 лугапашавых угоддзяў, будзе пасеяна 2620 га кукурузы і 676 га аднагадовых траў. У раёне маецца 81 бетаніраваная сяняжная і сіласная траншэя, плануецца пабудаваць яшчэ 3 траншэі аб’ёмам 7 тысяч тон. Для ўборкі кармоў маецца 16 кормаўборачных камбайнаў, 34 касілкі, 17 граблей, 20 прэс-падборшчыкаў, 51 прычэп для перавозкі зялёнай масы. Была разгледжана работа па рамонту корманарыхтоўчай тэхнікі, гатоўнасць якой складае ад 76% да 86%. У раёне маецца магчымасць правесці нарыхтоўку кармоў у аптымальныя тэрміны, каб атрымаць якасныя травяністыя кармы ў поўным аб’ёме, падсумавала дакладчык. Прынятым рашэннем быў зацверджаны рабочы план па правядзенні корманарыхтоўкі, вызначаны тэрміны і меры, неабходныя для правядзення нарыхтоўкі якасных кармоў ва ўсіх гаспадарках раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №41 ад 01.06.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *