За здоровьем земли следят шумилинские мелиораторы

Главное Экология Экономика

Да абкосу каналаў гатовы!

Любяць свой родны край, працуюць, каб землі заставаліся ўрадлівымі і дагледжанымі і давалі добры ўраджай. Гэтыя словы пра іх, шумілінскіх меліяратараў, чые нястомныя працавітыя рукі асушылі не адзін гектар палеткаў, хто і зараз рупіцца на тэхнічным доглядзе меліярацыйных сістэм, а ў першую нядзелю чэрвеня адзначае сваё прафесійнае свята.

На здымку: Анатоль Іваноўскі, Георгій Юшчанка, Дзмітрый Кухарэнка, Эльдар Хайрулін, Віктар Васілеўскі, Валянціна Спірыдава.

Сёння ў нашым раёне няма прадпрыемства меліярацыйных сістэм, у ПМК-70 створана брыгада па тэхнічным доглядзе, якую ўзначальвае старшы майстар Валянціна Спірыдава. Маючы за плячыма сорак гадоў меліярацыйнага стажу, Валянціна Іванаўна з’яўляецца і вопытным работнікам. Яна добра разумее, што меліярацыйныя каналы патрабуюць пільнага догляду.
– Наша брыгада налічвае сем чалавек, – кажа Валянціна Спірыдава. – У асноўным гэта работнікі былога ПМС. Мне з імі лёгка працаваць. У Анатоля Іваноўскага, Валерыя Свірыдзенкі, Эльдара Хайруліна, Віктара Васілеўскага вялікі стаж работы. Нядаўна да нас прыйшла моладзь – Георгій Юшчанка і Дзмітрый Кухарэнка. Разам са сталымі работнікамі яны займаюцца рамонтам штучных збудаванняў. А Георгій Юшчанка яшчэ і вадзіцелем працуе. Увогуле хлопцы ў нас пакладзістыя, працавітыя, вынослівыя. Іншых не трымаем – работа ў меліярацыі патрабуе і загартоўкі, і фізічных сіл.

У гэтым годзе ўжо зрабілі работ па эксплуатацыі і тэхнічным доглядзе меліярацыйных сістэм на 85,1 тысячы рублёў, падлічыла інжынер-гідратэхнік Жанна Чарнова.

Брыгада працавала ва ўрочышчах Дубраўскія, Маргі, Цаўі, Залужжа, Гаравыя, Захарава, дзе выразала кусты на 26 кіламетрах каналаў. Ачысцілі ад ілу пяць км каналаў у Залессі. Без тэхнікі тут не абыходзілася: на экскаватары працаваў Мікалай Раманюга, на бульдозеры разраўноўваў кавальеры Валерый Свірыдзенка.
У пачатку гэтага тыдня брыгада меліяратараў працавала ва ўрочышчы Кавалеўшчына на высечцы кустоў. Разам з тым аглядалі іншыя каналы, дзе будуць пачынаць касіць траву. «Да абкосу мы гатовыя! – усміхаліся меліяратары. – Дажджы спрыялі росту травы, так што работы нам будзе ўволю». Падчас касавіцы брыга-дзе будуць дапамагаць на трактарах з касілкамі Іван Кукаеў, Аляксей Мядзведзеў, Сяргей Сінкевіч.
У планах на лета – рэканструкцыя меліярацыйных сістэм «Леніна» і «Гарбузы». Большая частка работы выканана ў мінулым годзе. З 218 гектараў засталося рэканструяваць 96 га, на гэтыя мэты выдзелена 180 тысяч рублёў.
«Сёлета будзем класці дрэнаж, прамываць сістэму, – кажа Валянціна Спірыдава. – Наша задача – зрабіць палеткі роўнымі і сухімі. Вельмі прыемна глядзець на вынікі сваёй працы, калі на меліяраваных землях вырошчваюць добры ўраджай зерня ці траў».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №42 ад 04.06.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *