Будзе ў Шуміліне сучасны парк

Главное Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости

Будзе ў Шуміліне сучасны парк

Назіраючы за будаўнічымі работамі, што ідуць ў Шуміліне падчас падрыхтоўкі да абласнога свята «Дажынкі», жыхары і госці адзначаюць, як літаральна на вачах мяняецца знешні выгляд нашага гарадка. Самым інтрыгуючым аб’ектам для шумілінцаў застаецца гарадскі парк.

Работы на аб’екце «Рэканструкцыя цэнтральнага парка і добраўпарадкаванне тэрыторыі, якая прылягае, г. п. Шуміліна» пачаліся яшчэ вясной. Праект прадугледжвае машчэнне дарожак з улікам сучасных патрабаванняў па стварэнні інклюзіўнага асяроддзя для ўсіх грамадзян. Усе дарожкі ў парку будуць вымашчаны пліткай двух відаў – брусчаткай «Стары горад» трох колераў і спецыяльнай тактыльнай пліткай. У парку будуць зроблены бардзюры на ўзроўні паверхні глебы. Пакрыццё гульнявых пляцовак для дзяцей будзе гумавым – траўмабяспечным.
Пасля рэканструкцыі парк будзе складаць завершаную цэльную кампазіцыю, якую можна будзе ўмоўна раздзяліць на чатыры зоны – мемарыяльную зону, дзіцячую зону, пляцоўку для масавых мерапрыемстваў і сквер каля бібліятэкі, у які ўвойдзе і тэрыторыя на месцы былога магазіна «Ганна».
«Аснову мемарыяльнай зоны складае Алея славы, якую наша прадпрыемства імкнулася зрабіць да 9 мая, – распавядае галоўны інжынер ПМК-70 Раман Карасёў. – Дарожку да брацкіх могілак расшырылі да 6 метраў. Па яе баках будуць устаноўлены стэлы з партрэтамі Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай працы, таксама будуць устаноўлены сучасныя паркавыя свяцільнікі».
Зараз на рэканструкцыі парка штодзённа працуюць каля 20 работнікаў Шумілінскай ПМК-70 і 3-5 адзінак тэхнікі. Як адзначае старшы майстар Арцём Скрыпкін, работы вядуцца згодна з планам.
Ад Алеі славы дарожкі працягнуцца да раённага Цэнтра культуры і да дзіцячай зоны.
Ужо зараз пачынае набываць абрысы і дзіцячая пляцоўка. «Даволі шмат работы было на падрыхтоўчым этапе, – адзначае Арцём Скрыпкін. – Былі выдалены дрэвы, для выраўноўвання тэрыторыі зроблена пясчаная падсыпка. Дарэчы, завезлі больш за 1200 кубаметраў пяску».

Выгляд дзіцячай зоны новага парку (эскізны малюнак з праекта).

Аснову дзіцячай зоны складае круг: тры канцэнтрычныя дарожкі, у цэнтры якіх зойме месца скульптурная кампазіцыя. Паміж дарожкамі будуць створаны умоўныя сектары-пляцоўкі – для дзяцей малодшага, сярэдняга і старэйшага ўзросту. На пляцоўках будуць усталяваныя гульнявыя комплексы. Малышоў зацікавяць паравозік з вагонамі і грузавічок, пясочны дворык, розныя арэлі. Для большых дзяцей прызначаны дзіцячы вяровачны парк, качалка-балансір некалькі гульнявых комплексаў, старэйшых зацікавіць пляцоўка для варкаута.

Адзін з гульнявых комплексаў будучага парку.

«Упэўнены, новы дзіцячы гарадок стане папулярным у юных шумілінцаў і іх бацькоў, – дзеліцца Раман Карасёў. – На дзіцячых пляцоўках будзе рознакаляровае гумавае пакрыццё, пляцоўкі паміж сабой будуць раздзелены рознакаляровымі дарожкамі. Вакол дзіцячых пляцовак будзе дзве альтанкі і 15 дэкаратыўных лавачак, у тым ліку і з навесамі, прыкладна трэць плошчы будзе засеяна газоннай травой». Дарожкі ад дзіцячага сектара звяжуць у адзінае цэлае сквер каля бібліятэкі і пляцоўку для масавых мерапрыемстваў.
Асфальтаваны пад’езд да фізкультурна-аздараўленчага цэнтра выступіць у ролі раздзяляльнай паласы паміж дзіцячай пляцоўкай і пляцоўкай для масавых мерапрыемстваў.
Пляцоўка для масавых мерапрыемстваў (каля сцэны) будзе выраўнена і расшырана, пакрыццё на ёй будзе з пліткі чырвонага, карычневага і шэрага колераў. Сцэну адрамантуюць, што надасць ёй эстэтычны выгляд.
У скверы каля бібліятэкі дарожкі стануць больш шырокімі і роўнымі. Будзе добраўпарадкавана пляцоўка на месцы былога магазіна «Ганна», куды перанясуць памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам, будзе зроблена пляцоўка для ваеннай тэхнікі, высадзяць дрэвы і кусты.
– Мяркуем завяршыць рэканструкцыю ва ўстаноўленыя тэрміны. Гэта вельмі маштабныя работы: на добраўпарадкаванні гарадскога парка толькі пліткі будзе выкладзена каля 8 тысяч квадратных метраў, – падсумоўвае Раман Карасёў. – На ўсе работы выдаткавана 2 мільёны 39 тысяч тысяч рублёў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №44 ад 11.06.2021 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *