С пользой для детей и школ организована вторичная занятость

Молодёжь Образование

Ёсць  карысць  і  школе,  і  вучням

Другасная занятасць школьнікаў у Шумілінскім раёне набыла пастаянную прапіску і з кожным годам прырастае новымі аб’ёмамі і відамі работ.

Намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Іна Чарнічэнка расказала, што летам работы ў рамках другаснай занятасці арганізаваны ў Шумілінскай СШ №1 і Шумілінскай СШ №2, Обальскай, Мікіціхінскай і Кардонскай школах.

Да прывычных відаў работ, такіх, як пашыў пасцельнай бялізны і штор, рамонт вучнёўскіх сталоў і стулаў, добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі, выраб стэндаў, дабавіліся новыя, паведаміла Іна Аляксандраўна. Так, у Обальскай школе пачалі шыць халаты для повараў і работнікаў кухні, узяліся за рамонт (афарбоўку) стэлы каля школы. А ў Кардонскай школе за кошт другаснай занятасці адрамантавалі цяпліцу.

– Колькі дзяцей зараз заняты?

– 53 школьнікі.

– Як вызначалі колькасць занятых дзяцей, ці ўдалося ўладкаваць усіх жадаючых?

– Колькасць занятых дзяцей прадыктавана аб’ёмамі работ і выдзеленымі сродкамі. Дарэчы, у гэтым годзе на арганізацыю другаснай занятасці раёну выдзелена 55 тысяч рублёў, каля 12 тысяч з якіх мы ўжо асвоілі. Трэба дадаць, што па лініі другаснай занятасці ў нас працуюць вучні 8, 10 класаў (закон дазваляе афармляць працоўныя адносіны з 14 год).

– Колькі гадзін у дзень могуць працаваць дзеці?

– Не больш чатырох. А з 16 гадоў – да шасці гадзін.

– Зразумела, што працэс арганізацыі другаснай занятасці даволі працаёмкі – трэба афармляць розную дакументацыю, арганізоўваюць дзейнасць, весці ўлік выкананых работ, займацца справаздачнасцю. Але ж у канчатковым выніку справа таго вартая?

– Безумоўна. Ёсць карысць і школе, і дзецям. І адміністрацыі навучальных устаноў разумеюць гэта. Асабліва мне хацелася б адзначыць Обальскую СШ і Шумілінскую СШ №2, дзе даўно і плённа займаюцца другаснай занятасцю, дзе арганізаваны самы шырокі спектр работ.

Завіталі ў Шумілінскую СШ №2, пагутарылі з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Маргарытай Федчанка, якая арганізоўвае другасную занятасць школьнікаў. Маргарыта Валянцінаўна расказала, што сёлета на гэтых работах занята 10 вучняў, дзеці займаюцца заменай дзвярных уразных замкоў, рамонтам школьнай мэблі, пасадкай аднагадовых кветак, праполкай кветнікаў, стрыжкай жывой агароджы, афарбоўкай жалезабетоннай агароджы і гульнявага абсталявання, вырабам стэндаў. Паколькі школа рыхтуе прафесійных швачак і мае сучаснае абсталяванне, узяліся за пашыў пасцельнай бялізны. Пяць дзяўчынак разам з настаўнікам вытворчага навучання Надзеяй Спірыдонавай пашылі 40 камплектаў пасцельнай бялізны для груп падоўжанага дня СШ №1.

Дзесяцікласнікі СШ №2 Кірыл Кураленка, Уладзімір Кавалёў і Максім Усаў працуюць з 7 чэрвеня, паспелі паспрабаваць сябе ўжо на некалькіх работах. Кірыл расказаў, што ён не навічок у гэтай справе, працаваў і летась, і ў агульнай суме на другаснай занятасці яму ўдалося зарабіць 450 рублёў. Спадзяецца, што і сёлета зможа папоўніць сямейны бюджэт.

Дарэчы, у СШ №2 стараюцца даць магчымасць падзарабіць найперш дзецям з мнагадзетных, прыёмных і апякунскіх сямей, бо на справе існуючы аб’ём работ па другаснай занятасці не дазваляе забяспечыць работай усіх жадаючых.

Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *