Анна Леснчая получила благодарность Министерства образования за участие в республиканской олимпиаде

Молодёжь Образование

А на карціне – беларуская вёсачка
Па выніках удзелу ў  трох этапах  алімпіяд па працоўным навучанні лепшай стала Аня Ляснічая, вучаніца 8 ”В” класа СШ № 1 г.п. Шуміліна. Ёй давялося абараняць гонар не толькі раёна, а і Віцебшчыны, прымаючы ўдзел у складзе каманды вучняў вобласці ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Сёлета ён праходзіў на Гомельшчыне – у Мазыры пад дэвізам “Беларусь – мая Радзіма”. Як прызналася дзяўчынка, удзельнічаць у алімпіядзе было вельмі цікава, але і хвалявалася, бо адказнасць кладзецца вялікая: табе ж даверылі, на цябе спадзяюцца. А як апраўдаць гэтыя спадзяванні? Толькі карпатлівай працай, упэўнена Аня.
Нехта скажа: падумаеш, працоўнае навучанне… Але так разважае толькі той, хто далёкі ад сучасных патрабаванняў да гэтага прадмета ці яму дастаўся не вельмі творчы і адказны настаўнік. У Ані выкладае прадмет апантаны творчасцю педагог – настаўнік вышэйшай катэгорыі па працоўным навучанні Н. М. Спірыдонава. Надзея Міхайлаўна вучыць дзяўчынак не толькі простым уменням, а і непрыкметна падводзіць іх да жадання ствараць нешта асаблівае, развівае, калі хочаце, спартыўна-спаборніцкі дух, інтарэс зрабіць значна лепей, чым зробяць іншыя. Вось і з Аняй яны прыдумалі ўвасобіць у карціне беларускую вёсачку. І не проста вышыць вясковы краявід крыжыкам, а і прымяніць розныя тэхналогіі работы са стужкамі і з салёным цестам. Але зрабіць сваімі рукамі адметны твор  – гэта толькі частка справы. Аня сёння валодае тэхнікай матэматычных разлікаў, без чаго не абысціся пры вымярэнні тканіны, пад-ліку неабходнай колькасці стужак, нітак, іншага матэрыялу. Дзяўчынка свабодна чытае чарцяжы, валодае рознымі відамі тэхнікі вышыўкі, лепкі, малявання, аплікацыі. Прайшлася і па курсу тэхналогіі прыгатавання розных страў, бо ў заданнях алімпіяды прысутнічаюць самыя нечаканыя пытанні, былі, дарэчы, і па біялогіі, і па гісторыі, і з многіх іншых абласцей ведаў. А чаго каштавала практычная частка: трэба было разыграць цэлую сцэнарную пастаноўку, дзе дзяўчынка спачатку эмацыянальна давяла журы маналог пра зямлю беларускую, а потым паэтапна, дэманструючы слайды, тлумачыла кожны крок выканання сваёй аўтарскай работы. Дарэчы, прэзентацыю Аня з Надзеяй Міхайлаўнай падрыхтавалі і ў альбомным варыянце аж на 36 лістоў.
Ну што, як вам цяпер здаецца: лёгка дайсці і прыняць удзел у рэспубліканскім этапе алімпіяды? А наша Аня дайшла і паказала сябе з самага лепшага боку. Паездка запомніцца ёй надоўга: атрымала падзяку ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за паспяховы ўдзел у алімпіядзе, падарылі на памяць кнігу, атрымала мноства прыемных уражанняў ад тыднёвага пражывання ў Мазыры, ад экскурсіі па горадзе, ад наведвання цырку, пасябравала з удзельнікамі алімпіяды з іншых гарадоў і вёсак Беларусі.
Сёння вучаніца і педагог плануюць распрацаваць яшчэ больш  складаны па тэхніцы выраб. Настрой у Ані, як  і ў яе настаўніцы,  баявы – трэба ж дасягаць новых вышынь…
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №29 ад 10.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *