Интервью с прокурором Шумилинского района Иваном Волчиком

Закон

Иван ВОЛЧЫК: «Аўтарытэт заслугоўваецца ў справах, а не ў кабінеце»

Дзевяць месяцаў назад загадам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь пракурорам Шумілінскага раёна прызначаны Іван Адамавіч ВОЛЧЫК. Іван Адамавіч даў інтэрв’ю раённай газеце.

– Іван Адамавіч, раскажыце, як складвалася ваша кар’ера.

– Я нарадзіўся ў 1977  годзе ў Полацку, у сям’і рабочых. Закончыў   юрыдычны факультэт  Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пачынаў работу следчым пракуратуры Расонскага раёна, затым працаваў намеснікам пракурора Докшыцкага раёна. Перад пераводам у пракуратуру Шумілінскага раёна 10 год  адпрацаваў на пасадзе пракурора Міёрскага раёна.

Зразумела, што па службовых абавязках у пракурора вельмі шмат работы. Але ўсё ж цікава, чым займаецца пракурор у вольную хвіліну?

– Вольнага часу, на жаль, практычна няма. Маё захапленне – рыбалка. Я самы шчаслівы чалавек, калі мне ўдаецца вырвацца ў вёсачку Паулье Ушацкага раёна ці на раку Дзіва ў гэтым жа раёне. Гэта мае самыя ўлюбёныя мясціны. Ды і ўлоў звычайна там добры. Некалькі год назад там злавіў пяцікілаграмовага шчупака.

А яшчэ даспадобы грыбы збіраць. Праўда, любімага грыбнога месца няма. Мяне лес супакойвае, прыводзіць у норму, а гэтага ў наш хуткі час вельмі не стае.

На ваш погляд, якімі  асабістымі якасцямі па-вінен валодаць пракурорскі работнік?

–  Я лічу, самае галоўнае –  сумленнасць і прыстойнасць. Неабходна годна выконваць свой службовы абавязак. Скажу так, непрыстойны чалавек не можа быць сапраўдным прафесіяналам.  А прафесіяналізм пракурорскага работніка найперш праяўляецца ва ўменні кантактаваць з людзьмі. Наша работа такая, што даводзіцца ўплываць на людскія лёсы. Гэта вельмі адказна.  Чалавечнасць, тактоўнасць – тыя якасці, без якіх нам нельга. Вельмі важны давер людзей да пракурора, пракурорскіх работнікаў і, увогуле, да пракуратуры.  А давер ёсць, калі ў рабоце пракурорскіх работнікаў прысутнічае сумленнасць і прыстойнасць. Неабходна ўвесь час працаваць з людзьмі. Гэта і асабістыя прыёмы грамадзян, і выязныя прыёмы, трэба пастаянна сустракацца з людзьмі, ведаць і, па магчымасці, вырашаць іх праблемы. Нашы задачы скіраваны на дабрабыт чалавека і грамадства. Калі людзі звяртаюцца з сур’ёзнымі праблемамі, мы павінны дапамагчы. Упэўнены, што аўтарытэт заслугоў-ваецца на канкрэтных справах, а не ў кабінеце. Толькі з пачатку гэтага года пісьмова ў пракуратуру звярнуліся 18 чалавек, 11 зваротаў былі задаволены.

Іван Адамавіч, Вы ў раёне працуеце ўжо 9 месяцаў. Якія вашы ўражанні ад нашага раёна?

– Цікавае пытанне. Можна сказаць, што працягваю знаёміцца  з раёнам. Першы месяц работы пастаянна сустракаўся з працоўнымі калектывамі, у першую чаргу паставіў перад сабой задачу наведаць сельгаспрадпрыемствы, бо наш раён сельскагаспадарчы. Маё першае ўражанне – гэта людзі. На Шумілін-шчыне яны асаблівыя, вельмі спагадлівыя, добрыя, працалюбівыя.

А вось само Шуміліна неяк не ўразіла. Шэрыя колеры, недагледжанасць нейкая. Добра, што вясною пачаліся работы па падрыхтоўцы да абласнога свята «Дажынкі». Шуміліна пераўтварылася ў вялікую будаўнічую пляцоўку, з’яўляюцца новыя колеры, тратуары, райцэнтр на вачах пераўтвараецца ў невялічкі еўрапейскі горад. Дарэчы, ход падрыхтоўкі да «Дажынак» таксама на кантролі ў пракуратуры. Выдаткаваны немалыя бюджэтныя сродкі, і мы кантралюем іх  выкарыстанне.  На сённяшні дзень негатыўных фактаў пракуратурай не выяўлена.

Вы адзначылі, што спецыфіка нашага раёна ў тым, што ён сельскагаспадарчы. Ці накладвае гэтая асаблівасць на работу пракуратуры раёна?

– Зразумела, што накладвае. Мы надаём вялікае  значэнне нагляду за сельгаспрадпрыемствамі і арганізацыямі. Выязджаем з маніторынгамі, правяраем выкананне працоўнага заканадаўства,  захаванне дзяржаўнай маёмасці і рацыянальнае  выкарыстанне матэрыяльных рэсурсаў. Безгаспадарчасць і халатныя адносіны работнікаў да сваіх абавязкаў прыводзяць да значных фінансавых страт і іншых непрыемных наступстваў.

На мой погляд, у аграрнай галіне не хапае рацыянальнасці і беражлівасці. Пытанняў узнікае вельмі шмат, гэта і працоўная дысцыпліна, і якасць працы. І іх трэба тэрмінова вырашаць.

Ці адпавядае сітуацыя з правапарадкам у нашым раёне тэндэнцыям, характэрным для ўсёй краіны, ці ўсё ж ёсць асаблівасці?

– Я б не сказаў, што ў нас нейкая асаблівая сітуацыя. Ёсць, канешне, адметнае, але глабальна з агульнай карціны мы не выбіваемся. Магу адзначыць, што на сёння росту злачыннасці ў раёне няма. І наогул жыццё ў нас спакойнае. Але неабходна больш актывізаваць  работу па прафілактыцы правапарушэнняў. Працаваць у гэтым накірунку павінны ўсе суб’екты прафілактыкі, і мы робім усё магчымае, каб так і было. Закон сёння не дазваляе зваліць усю работу па прафілактыцы на РАУС. Да прыкладу, той жа старшыня сельвыканкама на месцы выдатна ведае, хто ў яго сямейны дэбашыр, хто п’яніца, хто схільны да злачынстваў, і можа эфектыўна на іх уз-дзейнічаць. Галоўнае, каб работа гэта не была фармальнай. Не атрымліваецца нешта – можна паклікаць на дапамогу пракурора, начальніка міліцыі.  Лепш папярэдзіць магчымыя праяўленні супраць-праўнай дзейнасці, чым потым прымаць рашэнні аб прыцягненні да адказнасці.

Іван Адамавіч, раскажыце больш падрабязна пра злачынствы, найбольш характэрныя для нашага раёна.

– Адзначу, што апошні час бачым зніжэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення (такіх за шэсць  месяцаў гэтага года 30% ад агульнай колькасці). І гэты паказчык  менш за сярэднеабласны (35%) і сярэднерэспубліканскі (32%). Але тое, што кожнае трэцяе злачынства здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап’янення, прымушае да ўзмацнення  скаардынаванай прафілактычнай работы. Калі мы вяртаем да нармальнага жыцця хаця бы аднаго чалавека, то гэта ўжо вялікі плюс нашай сумеснай дзейнасці.

Агульная праблема – злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій. З пачатку года ў раёне ўзбуджана  6 крымінальных спраў. Зараз ідзе невялікае зніжэнне, якое змаглі дасягнуць сумеснымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых структур.

Таксама  непакоіць сітуацыя з абавязанымі асобамі. Па-ранейшаму застаецца высокі працэнт нявыплат кампенсацый на ўтрыманне дзяцей. З пачатку года ўзбуджаны 4 крымінальныя справы на абавязаных асоб.  Рэалізацыя Дэкрэта №18 на асаблівым кантролі ў пракуратуры раёна, праводзяцца каардынацыйныя нарады. Але, на жаль, істотных зрухаў пакуль не назіраем.

Праведзена вялікая работа ў складзе следчай групы па расследаванні генацыду беларускага народа ў ходзе Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны перыяд. У пачатку красавіка бягучага года Генеральная пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу па гэтым факце. Крымінальны працэс дазволіць устанавіць канкрэтных асоб з ліку нямецкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў, якія пазбеглі адказнасці за забойства мірных жыхароў, здзекі ў канцлагерах, масавы згон насельніцтва ў нямецкае рабства. Мы апыталі 13 вязняў, якія пражываюць у Шумілінскім раёне. Усе яны прайшлі праз цяжкія выпрабаванні, слухаць і нармальна ўспрымаць тую жудасную рэчаіснасць немагчыма. Вязні прызнаны пацярпелымі па крымінальнай справе.

Не магу не спыніцца на карупцыйных злачынствах. Гэта  язва, іржа, якая раз’-ядае, расхіствае дзяржаўны лад. Барацьба з карупцыяй, хабарніцтвам вядзецца настойліва і бескампрамісна. За мінулы год у вобласці зарэгістравана больш за 260 злачынстваў, звязаных з карупцыяй, кампенсавана амаль 500 тысяч рублёў шкоды, нанесенай  гэтымі злачынствамі.  Лічу, што ў нашым раёне недастаткова вядзецца работа па барацьбе з карупцыяй. На гэта ўказваюць праверкі выканання антыкарупцыйнага заканадаўства, якія праводзяцца пракуратурай раёна. Так, сёлета праведзены 3 такія праверкі, па выніках якіх падрыхтаваны 3 прадстаўленні, вынесены 3 пратэсты і 10 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Часам кожны з нас стаіць перад выбарам: паступіць па законе ці справядлівасці… Як суадносяцца гэтыя паняцці ў дзейнасці пракурора?

– Асноўная місія  пракуратуры – назіральная функцыя за выкананнем працоўнага, жыллёвага, анцікарупцыйнага, прыродаахоўнага, падатковага, банкаўскага заканадаўства, патрабаванняў указаў, дырэктыў, іншых нарматыўных прававых актаў. Не менш важны ўдзел работнікаў пракуратуры ў судовых працэсах.

З вопыту ведаю: разуменне справядлівасці ў кожнага сваё. Да прыкладу, у пацярпелага і абвінавачваемага. Таму і ёсць трэці бок – суд, пракурор, які прадстаўляе інтарэсы дзяржавы. Закон дазваляе знайсці мяжу, калі прынятае рашэнне будзе і законным, і абгрунтаваным, і справядлівым.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *