Председатель Витебского облисполкома Николай Шерстнёв ознакомился с ходом подготовки «Дожинок» в Шумилино

Главное Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости

Падрыхтоўка да «Дажынак» – на фінішнай прамой

5 жніўня адбыўся рабочы візіт старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва ў Шуміліна

Кіраўнік вобласці пазнаёміўся з падрыхтоўкай да абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі-2021», наведаў шэраг буйных будаўнічых аб’ектаў, што рыхтуюцца да свята, а таксама браў удзел ва ўрачыстым пуску прыроднага газа ў вёсцы Язвіна.
Мікалая Шарснёва суправаджалі адзін з кіраўнікоў штаба па падрыхтоўцы «Дажынак-2021» намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Белавус, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, кіраўнікі падрадных будаўнічых арганізацый.
Першым аб’ектам, які наведаў старшыня аблвыканкама, стаў раённы цэнтр культуры. Гэта адзін з галоўных будаўнічых аб’ектаў, рэканструкцыя якога ідзе не адзін год. Але нарэшце работы набліжаюцца да завяршэння, будаўнікі актыўна вядуць аддзелачныя работы ўнутры будынка.
Старшыню аблвыканкама цікавіла, ці паспеюць яны да запланаваных тэрмінаў, тым больш, што яшчэ трэба манціраваць унутранае начынне цэнтра культуры: асвятленне, гукавыя сістэмы і іншае. Намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Галіна Баркевіч, а таксама кіраўніцтва раённа, будаўнічай арганізацыі запэўнівалі, што цэнтр будзе ўведзены ў тэрміны. Таксама Мікалай Шарснёў пацікавіўся, ці запатрабаваны цэнтр у жыхароў Шуміліна, ці не дарэмна ўкладзены грошы ў яго рэканструкцыю. Як адзначыла Галіна Баркевіч, работнікі культуры раёна з нецярпеннем чакаюць яго ўводу ў эксплуатацыю, што тут будзе займацца каля сарака творчых дзіцячых і дарослых калектываў, якія зараз вымушаны працаваць у прыстасаваных памяшканнях.
Праз дарогу ад цэнтра культуры ўзводзіцца яшчэ адзін падарунак шумілінцам да абласнога свята – разлікова-касавы цэнтр РУП «Віцебскэнерга». Новы будынак дазволіць стварыць зручныя ўмовы для абслугоўвання жыхароў раёна, а таксама палепшыць умовы працы работнікаў «Энергазбыту».
Кіраўніцтва вобласці наведала гарадскі стадыён, які будзе адпавядаць самым сучасным патрабаванням, дазволіць праводзіць спартыўныя спаборніцтвы высокага ўзроўню. У ходзе агляду Алеі славы і парка Мікалай Шарснёў выказаў шэраг заўваг і прапаноў па ходу работ.
Старшыні аблвыканкама далажылі пра работы па капітальным і бягучым рамонце жылых дамоў у райцэнтры.
У Шумілінскай СШ №1 начальнік упраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома расказаў пра падрыхтоўку дзіцячых садоў і школ Шуміліна да абласнога свята. Установы адукацыі не толькі абнавілі знешні выгляд, але многае зроблена па мадэрнізацыі абсталявання школ і садоў райцэнтра. Д. Хома расказаў, што ў ходзе рамонтных работ выявіўся аварыйны стан спартзалы СШ №2 і было прынята рашэнне будаваць у наступным годзе прыбудову да школы, у якой размесцяцца спартыўная зала і харчаблок.
Адказваючы на пытанні журналістаў і падсумоўваючы ўбачанае, Мікалай Шарснёў адзначыў, што падрыхтоўка да «Дажынак» з’яўляецца штуршком для развіцця населенага пункта, бо раёну складана акумуляваць сродкі, каб правесці маштабнае абнаўленне многіх аб’ектаў, а «Дажынкі» дазваляюць правесці комплекс такіх работ. Усё зробленае застаецца для жыхароў раённага цэнтра: прыведзены ў парадак населены пункт, добраўпарадкаваныя школы, дзіцячыя сады, вуліцы і двары. Яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, але бачна, што Шуміліна выходзіць на фінішную прамую, усе работы будуць завершаны да абласнога фестывалю працаўнікоў сяла.
Кіраўнік вобласці заўважыў, што да «Дажынак-2021» падцягнуліся і аграрыі раёна: і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі паказчыкі лепшыя ў параўнанні з мінулымі гадамі, вырас узровень земляробства, нягледзячы на складаныя ўмовы, ураджай чакаецца вышэй за мінулагодні.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №60 ад 06.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *