Спасём птиц от мороза!

Экология

Кармушкі для птушкі
Маразы – цяжкае выпрабаванне для птушак. Як сведчаць арнітолагі, ад моцных маразоў можа загінуць да 70% папуляцыі птушак. Прычым, галоўны вораг не холад, а голад. Больш за ўсіх патрабуюць падтрымкі дробныя птушкі. Але робячы кармушку і напаўняючы яе ежай, важна не нашкодзіць птушкам.
Спецыялісты падкрэсліваюць, што нельга каб корм знаходзіўся ў кармушцы ўвесь дзень. Гэта адвучае птушак шукаць ежу самастойна, а аднастайны корм можа нанесці больш шкоды і нават загубіць птушку. Неабходна толькі падкормліваць птушак. Напрыклад, насыпаць корм у кармушку раніцай і ўвечары, але абавязкова рэгулярна, бо птушкі прызвычайваюцца да падкормкі і разлічваюць на яе.
Не рэкамендуецца даваць птушкам хлеб, асабліва чорны. Забаронена смажанае і салёнае – гэта для птушак смерць. Нельга ў кармушку класці цвілыя і сапсаваныя прадукты.
Для падкормкі птушак рэкамендуюць неачышчанае проса, аўсяныя шматкі, нясмажаныя семачкі, кавалак яблыка. Сініцам у моцныя маразы можна класці кавалачак сметанковага масла ці падвешваць несалёнае сала, дабаўляць змешаны з паніровачнымі сухарамі тварог, вараныя яйкі, нятлустае мяса. Не адмовяцца ад такога корму і дзятлы.
Уладкоўваючы кармушку, неабходна зрабіць так, каб яна была недаступная варонам. Гэтыя птушкі прыстасаваліся да гарадскога жыцця, паспяхова размнажаюцца і сталі бічом гарадоў. Яны разбураюць гнёзды дробных птушак, знішчаюць птушанят. Таму калі мы кормім варон, мы тым самым зніжаем колькасць салаўёў, зяблікаў, славак, зелянушак…
Дапаможам птушкам зімой. Вясной і летам яны дапамогуць нам знішчаць шкоднікаў у садах і аддзячаць сваімі песнямі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №12 ад 10.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *