У Шумілінскім раёне ідзе комплексная мадэрнізацыя аб’ектаў газавай гаспадаркі

Главное Дажынкі-2021 у Шуміліне Новости Экономика

Ідзе комплексная мадэрнізацыя аб’ектаў газавай гаспадаркі

Генадзь Курчанаў каля абноўленага будынка Шумілінскага раёна газазабеспячэння.

У год «Дажынак» у Шуміліне разгорнуты маштабныя работы на аб’ектах газавай гаспадаркі – ідзе мадэрнізацыя адміністрацыйна-гаспадарчага будынка райгазу, гандлёвага аб’екта «Метан», падключана да прыроднага газу вёска Язвіна.


– Работы былі запланаваны раней ці супалі з «Дажынкамі» ў Шуміліне? – звяртаемся да начальніка Шумілінскага раёна газазабеспячэння Генадзя Курчанава, які толькі з сакавіка на гэтай пасадзе, і адразу, як кажуць, з месца ды ў кар’ер.
– Ніякай стыхійнасці няма. УП «Віцебскаблгаз» распрацаваны перспектыўны план развіцця газавай гаспадаркі па кожным раёне, зацверджана інвестпраграма, згодна з чым і вядзецца мадэрнізацыя аб’ектаў у Шуміліне, – тлумачаць Генадзь Аляксандравіч.
Ён праводзіць невялікую экскурсію па трохпавярховым адміністрацыйным будынку, дзе рамонт практычна завершаны.
– Галоўнае, стварыць належныя ўмовы як для нашых наведвальнікаў, так і для супрацоўнікаў, – кажа Г. Курчанаў.
Наведвальнікі без цяжкасці змогуць атрымаць любую даведачную кансультацыю, ствараецца сэрвісны цэнтр, будзе працаваць кансультант, жадаючыя змогуць самастойна знайсці неабходную інфармацыю ў вялікім планшэце, што размясціўся насупраць уваходу. У хуткім часе будуць падключаны відэакамеры.
Што датычыцца ўмоў работы спецыялістаў, то тут, здаецца, усё прадугледжана: новую начынку атрымаў тэхнічны клас для абучэння, абсталявана кожнае рабочае месца, ёсць гардэробныя пакоі, пакой для прыёму ежы і невялікая трэнажорная зала. Для работнікаў, якія дзяжураць кругласутачна, ёсць душ, сушка для абутку і адзення і нават электрашчотка для абутку. Многае з гэтага было і раней, але цяпер атрымала новае сучаснае гучанне.
Тым часам рамонтныя работы поўным ходам ідуць на тэрыторыі.
– Мы зрабілі ўнутраны і знешні рамонт гаражоў, складскіх і бытавых памяшканняў, боксаў, майстэрняў, – па ходзе экскурсіі расказвае Генадзь Курчанаў, – паставілі новую агароджу, паклалі тратуарную плітку, зараз пачалі будаўніцтва аўтамыйкі, яшчэ будзе ўзведзены навес для захоўвання аўтатрактарнай тэхнікі.
– Цяпер усе будынкі ў вас аформлены ў адным стылі, атрымаўся прыгожы комплекс. Але, як бачым, работы ўжо выйшлі за тэрыторыю, – паказваю на спецыялістаў, якія займаюцца непадалёк мадэрнізацыяй газарэгулятарнага пункта.
– Так, ідзе замена ГРП №1 і ГРП №2 (вул. Будаўнікоў і вул. Юбілейная) – новы час патрабуе аднаўлення тэхнікі.
– Рэканструкцыя закранула нават фантан. Хутка яго ўключыце?
– Ну, нічога звышнатуральнага па фантану мы не зрабілі, проста аднавілі, дарожку выклалі, газоны пасеялі. А ўключаць будзем як завершым работы на тэрыторыі – па плане да 1 верасня.
– Нарэшце, і вёска Язвіна дачакалася прыроднага газу, і мы сталі сведкамі ўрачыстасцей з гэтай нагоды. Колькі пабудавана газаправоду, колькі жыхароў вёскі ўжо карыстаюцца прыродным газам?
– Пабудавана 9,2 км газаправоду, да прыроднага газу падключаны тры шматпавярховыя дамы, на сёння там заселена 24 кватэры.
– А якія перспектывы падключэння ў прыватнага сектара?
– У жыхароў Язвіна з’явілася патэнцыйная магчымасць падключыцца да прыроднага газу. Звычайна ў такіх выпадках людзі аб’ядноўваюцца, ствараюць кааператывы, каб атрымаць дзяржаўную падтрымку. На сёння яна складае 70%, 30% члены кааператыва аплачваюць самі.
– Ці плануецца ў Шумілінскім раёне падвядзенне прыроднага газу да яшчэ якіх-небудзь населеных пунктаў?
– Плануецца. Магчыма, ужо ў гэтым годзе пачнуцца работы па падвядзенні прыроднага газу да вёскі Добрына.
– Прыдарожнае кафэ «Метан» таксама закранула рэканструкцыя. Што чакае наведвальнікаў пасля рамонту? Колькі будзе залаў, якія змяненні будуць у інтэр’еры?
– Па гандлёва-вытворчым комплексе «Метан» работы ў большай ступені сканцэнтраваны на фасадзе. Прыйшоў час яго падрамантаваць, аднавіць, пакласці новую тратуарную плітку на ўваходзе. А ў кафэ «Метан» мы робім толькі касметычны рамонт.
– І крыху пра сябе, Генадзь Аляксандравіч. Адкуль вы? З якімі планамі?
– Калі коратка, то я мясцовы, родам з вёскі Мішневічы. У галіне газавай гаспадаркі працую сямнаццаць год. Пачынаў мантажнікам, потым прарабам, намеснікам начальніка і г. д. Працаваў у Віцебску, Лёзне, Браславе, цяпер вось у сваім раёне. Планы акрэсліваюць прафесійныя абавязкі, якія я стараюся выконваць годна. У вольны час захапляюся футболам і гіравым спортам (Генадзь Курчанаў – майстар спорту па гіравым спорце – аўт.) Дарэчы, па першай адукацыі я настаўнік фізкультуры і спорту, потым закончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Гутарыла Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №62 ад 13.08.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *