Дыялог без закрытых тэм

Новости Общество

Дыялог без закрытых тэм

У фармаце прэс-канферэнцыі прайшла «Вялікая размова з Прэзідэнтам». За восем гадзін кіраўніку дзяржавы было зададзена амаль сорак пытанняў, на якія прагучалі грунтоўныя адказы. Якія ўражанні ад прэс-канферэнцыі і што спадабалася – пра гэта мы запыталіся ў нашых землякоў.

Вольга Пусянкова, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:
– На прэс-канферэнцыі адбыўся дыялог без закрытых тэм, і гэта імпануе. Многа ўвагі ўдзялялася пытанням знешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі. Адзін з расійскіх журналістаў адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка – мудры і аўтарытэтны палітык, усе ягоныя адказы на пытанні абгрунтаваныя. Як, дарэчы, і дзеянні. Мяне, як і кожнага беларуса, хвалюе сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Дзякуючы кіраўніцтву нашай дзяржавы краіна выжыла ў самыя цяжкія для яе часы, былі захаваны ўсе рабочыя месцы, што важна для людзей. Бачна, што прэзідэнт любіць сваю краіну і народ.
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што ў нас паважаюць чалавека працы і робяць для яго ўсё магчымае.
Вельмі слушнымі былі словы прэзідэнта пра праблемы адукацыі, працоўнае і патрыятычнае выхаванне, пра маладзёжную палітыку, занятасць дзяцей і іх прыцягнутасць у розныя грамадскія арганізацыі. У Беларусі павінны расці патрыёты сваёй краіны, і гэтым словамі нельга не пагадзіцца.

Мікалай Прыгодзіч, дырэктар КУСГП «Сіроцінскі»:
– Вялікую размову з прэзідэнтам слухаў з пачатку і да канца. Васьмічасавая прэс-канферэнцыя прыемна ўразіла.
Спадабалася пазіцыя прэзідэнта па многіх пытаннях: пра карэкціроўку заканадаўства, адносіны з суседнімі краінамі, наконт наступнага прэзідэнта, пра бежанцаў, якія імкнуцца ў Еўрасаюз. Упэўненыя і грунтоўныя адказы былі наконт беларуска-ўкраінскіх адносінаў. Спадабаліся разумныя развагі аб паўнамоцтвах Усебеларускага народнага сходу. Прэзідэнт падаў ідэю надаць сходу канстытуцыйны статус. І калі старэйшае пакаленне беларускіх палітыкаў адыдзе, на змену ім прыйдуць з Усебеларускага народнага сходу – разумныя, мабільныя, сучасныя.
Беларусь – міралюбівая краіна. Але ў адносінах да ворагаў словы прэзідэнта можна перафразіраваць знакамітым выказваннем Аляксандра Неўскага: «Хто з мячом да нас прыйдзе, ад мяча і загіне». Гэтыя словы, сказаныя яшчэ ў 13 стагоддзі, застаюцца актуальнымі і сёння. І Аляксандр Лукашэнка зразумела і адкрыта заяўляе заходнім ворагам: «На тым стаяла і стаяць будзе Беларуская зямля!». Такія словы акрыляюць, прымушаюць верыць у моц нашай дзяржавы, арміі, у прэзідэнта, у суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.
Апублікавана ў №63 ад 17.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *