Паспорта готовности получила большая часть школ Шумилинского района

Главное Новости Образование

Школы – на лінейцы гатоўнасці

Кожная ўстанова адукацыі раёна, будзе гэта вялікая школа ці зусім маленькі садок, імкнецца мець свой твар, нечым адметным выдзеліцца з агульнай кагорты. Адзначым гэта некалькімі штрыхамі.

Слабадская яслі-сад-базавая школа
Старшыня раённай камісіі па праверцы школ і дашкольных устаноў раёна да пачатку новага навучальнага года Ірына Шалахава падзякавала калектыву школы за тое, што ўзялі на сябе нагрузку па аздараўленні дзяцей з Шуміліна, а таксама за захаванасць створаных падчас будаўніцтва аграгарадка даброт.
1 верасня за школьныя парты ў Слабадзе сядуць 49 вучняў. Дзіцячы сад наведвае 13 выхаванцаў, паведаміла дырэктар установы Алена Пузікава.

Мішневіцкая яслі-сад-базавая школа

Інтэр’ер школьнай сталовай

Адна з самых вялікіх школьных тэрыторый – у Мішневічах. Камісія адзначыла ўзорны парадак на тэрыторыі і ў сценах школы. Тут вырасла самая шыкоўная сальвія і цынія. А дырэктар школы Пётр Спірыдонаў пахваліўся, што адных толькі агуркоў са свайго агарода школа нарыхтывала 97 слоікаў. Багата і чорных парэчак, якія меркавалі прадаць, ды насельніцтва не купляе. Сёлета школа прыме 37 вучняў і 11 дашкольнікаў.

Амбросавіцкая яслі-сад-базавая школа

Багаты ўраджай памідораў у школьнай цяпліцы

44 вучні і 13 выхаванцаў ясляў-сада налічвае сёлета ўстанова, 22 з іх штодзень падвозяць у Амбросавічы. Як і іншыя ўстановы, Амбросавіцкая школа вырошчвае розную гародніну, каб зрабіць харчаванне дзяцей больш танным. Сёлета тут асабліва ўрадзілі памідоры.

Дабейскі яслі-сад

Беларускі куток у садку

Слівы, вішні, чарэшні – уласны сад з 30 дрэў высадзілі работнікі дзіцячага сада. Пакуль што ўстанова трымаецца на плыву і налічвае 13 выхаванцаў.

Мікіціхінскі яслі-сад
Пра гэтую ўстанову мы напісалі нямала ўхвальных слоў. Спадчына аграгарадка, яна і сёння вы-глядае годна, сучасна. Сад наведваюць 49 дзетак. Загадчыца ўстановы Жанна Васільчанка расказала, што вялікую дапамогу аказваюць спонсары, у прыватнасці дэпутат Аляксандр Капшуль і прадпрымальнік Аляксандр Мацуганаў.

Мікіціхінская сярэдняя школа
Школа трымае лідарскія пазіцыі па многіх накірунках. У новым навучальным годзе прыме 103 вучні. Падрыхтоўка кабінетаў тут вядзецца на працягу года, таму ніякіх аўралаў няма. Нямала зрабілі летам у рамках другаснай занятасці, расказала дырэктар школы Вольга Асташонак, аднавілі дзяржаўныя сімвалы, добраўпарадкавалі дарожку каля школы, пасадзілі сад, у сярэднім зарплата школьнікаў склала 156 рублёў за месяц. Дзеці задаволены. Настаўнікі і бацькі таксама.

Обальскі яслі-сад
Загадчыца Наталля Спірыдзенка найперш паказала тэрыторыю, узорны агародчык. А будынак сада жыве ў чаканні рамонту даху, які абяцаюць пачаць у бліжэйшы час. Сёлета тут паменшала дзетак – на 1 верасня будзе 75 (амаль на 20 менш, чым летась), многія мнагадзетныя сем’і перабіраюцца ў Шуміліна ў пабудаваныя па льготных крэдытах кватэры.

Обальская сярэдняя школа

У школьным музеі

Дырэктар Аляксандр Сачыўка стараецца не збаўляць тэмпаў, зададзеных папярэднімі кіраўнікамі. Ён паведаміў, што ўсе 12 выпускнікоў 11 класа паступілі ў ВНУ на бюджэт, што школа нядрэнна вядзе гаспадарчую дзейнасць, зарабіла каля чатырох тысяч пазабюджэтных рублёў ад продажу расады, гародніны, мяса, актыўна займалася другаснай занятасцю школьнікаў. Камісія ўбачыла выдатна падрыхтаваныя класы, затрымалася ў кабінеце фізікі, які цалкам змяніў сваё аблічча, наведала абноўлены музей, барцоўскую залу, іншыя аб’екты і зрабіла выснову, што для 252 вучняў у школе створаны самыя найлепшыя ўмовы.

Кардонская сярэдняя школа

Адрамантаваная цяплічка

Таццяна Голуб, якая зусім нядаўна на дырэктарскай пасадзе, расказала, што з 1 верасня ў школе будзе вучыцца 81 школьнік, і з гэтай колькасці толькі 19 дзяцей – мясцовыя, астатніх будуць падвозіць школьныя аўтобусы. Будуць арганізаваны тры падвозы двума аўтобусамі. Школа да заняткаў гатова, на ўчастку расце багаты ўраджай фасолі і капусты. Годна выглядае і цяплічка, адрамантаваная ў рамках другаснай занятасці.

Мікалаеўскі яслі-сад
Адна група працуе ў садку. На 1 верасня, запэўніў загадчык установы Васіль Кухараў, будзе каля дваццаці выхаванцаў, для якіх пастараліся палепшыць умовы: аднавілі харчаблок, туалет, папоўнілі прадметнае асяроддзе.

Мішкавіцкі яслі-сад
З гэтага навучальнага года ўстанова будзе жыць у новым статусе. Кіраўніку Наталлі Казлоўскай яшчэ непрывычна і крыху сумна, бо двухпавярховы будынак з прасторнай тэрыторыяй здольны прыняць куды больш дзяцей. А пакуль што – 13 дашкольнікаў, якіх падчас нашага візіту вялі ў сад піць чай.

Башнёўская базавая школа
Школа скарыла камісію узорна-паказальнай тэрыторыяй, склалася ўражанне, што засушлівае спякотнае лета прайшло міма Башнёў. Уражанне пацвердзіў прышкольны ўчастак, цяпліцы з сакавітым шчодрым ураджаем. За ўсім гэтым стаіць выдатная згуртаваная работа калектыву школы на чале з новым дырэктарам Валянцінай Скірман.

Башнёўскі яслі-сад
Дашкольная ўстанова (загадчыца Аляксандра Крукава) выпрацавала сваю сістэму па афармленні тэрыторыі – з мноствам кветак, дэкаратыўнай агароджай, дагледжанасцю, што і адзначылі члены камісіі.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №63 ад 17.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *