20 жніўня ў Шумілінскім райвыканкаме прайшоў урачысты прыём залатых медалістаў і іх бацькоў

Главное Молодёжь Новости Образование

«Ідзіце смела па жыцці!»
20 жніўня ў райвыканкаме прайшоў урачысты прыём залатых медалістаў і іх бацькоў

Сустрэча з выпускнікамі-медалістамі шумілінскіх школ напярэдадні новага навучальнага года стала традыцыйнай. Кіраўніцтва раёна імкнецца падтрымаць выпускнікоў, якія сваёй вучнёўскай працай дабіліся высокіх вынікаў, а пасля завяршэння вучобы ва ўніверсітэтах вернуцца працаваць на радзіму. Пачатак новага этапа ў жыцці маладых людзей – самы зручны час сказаць ім і іх бацькам шчырыя словы падзякі, пажадаць поспехаў у далейшай вучобе і жыцці.
– Залаты медаль – знак вышэйшага дзяржаўнага і грамадскага прызнання. Гэта доказ умення ставіць перад сабой высокія задачы і паспяхова іх вырашаць. Гэта падзяка педагогам і бацькам, якія ўсе гэтыя гады былі побач з вамі, – сказаў, звяртаючыся да выпускнікоў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. – Няхай веды, якія вы атрымалі, стануць надзейным фундаментам вашых будучых прафесій. Ідзіце смела па жыцці, з гонарам прадстаўляйце сваю малую радзіму – Шуміліншчыну. Мікалай Будневіч уручыў медалістам грашовыя сертыфікаты, а іх бацькам – падзячныя лісты.
Усе медалісты, якіх сёлета дзевяць чалавек, змаглі рэалізаваць свае планы. У Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт паступілі Грыдзюшка Валерыя (Обальская СШ), Дзмітрыенка Алена і Скальзаева Дар’я (Шумілінская СШ №1). Студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі сталі Буракевіч Лізавета і Каўгуноў Аляксандр (СШ №1), у Беларускім дзяржаўным універсітэце будзе вучыцца Бельчанкова Кацярына (раённая гімназія), у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце – Сянькова Вольга. Полацкі дзяржуніверсітэт прыме Вольгу Дубягу (СШ №1), а Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны – Андрэя Чарнічэнку (Обальская СШ).
Ад імя выпускнікоў выступіў Чарнічэнка Андрэй, які падзякаваў за клопат і падтрымку кіраўніцтву раёна, педагогам і бацькам, абяцаў зрабіць у будучым усё магчымае для развіцця і росквіту роднага раёна.
Ад імя бацькоў выступіла Алена Скальзаева, якая, дарэчы, у 1996 годзе скончыла школу з сярэбраным медалём. Алена Іванаўна пажадала маладым людзям знайсці годнае месца ў жыцці, упісаць сваё імя ў кнігу гонару Шумілінскага раёна.
Пасля афіцыйнай часткі адбылася нефармальная размова пра бліжэйшыя планы выпускнікоў, іх мары. Выказваліся пажаданні для паляпшэння прывабнасці раёна і Шуміліна для моладзі.
На развітанне намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава пажадала выпускнікам паспяховай вучобы і добрага жыццёвага шляху.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №65 ад 24.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *