Беларускі Чырвоны Крыж прэзентаваў у Шуміліне новы праект «Вакцынацыя супраць COVID. Пачатковы этап»

Здоровье Новости

Вакцынацыя супраць COVID
На мінулым тыдні Беларускі Чырвоны Крыж прэзентаваў у Шуміліне новы праект «Вакцынацыя супраць COVID. Пачатковы этап»

На круглы стол былі запрошаны прадстаўнікі органаў улады, медыцынскія работнікі, прафсаюзныя актывісты, актывісты іншых грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.
Старшыня абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава расказала, што новы праект арганізацыі праводзіцца разам са Швейцарскім Чырвоным Крыжам. Пілотны праект стартуе ў верасні ў 30 раёнах Беларусі. На Віцебшчыне, разам з Шумілінскім праект будзе рэа-лізоўвацца ў Віцебскім, Глыбоцкім, Сенненскім і Лепельскім раёнах.
Сярод задач праекта – інфармаванне насельніцтва аб вакцынацыі, яе эфектыўнасці ў папярэджанні і змякчэнні наступстваў каранавіруснай інфекцыі, а таксама дапамога медыкам у павелічэнні ахопу насельніцтва вакцынацыяй. Чырвоны Крыж – партнёр дзяржавы ў правядзенні вакцынацыі, адзначыла Галіна Жаланава, ён бярэ на сябе клопат пра найбольш неабароненыя катэгорыі насельніцтва – сталых людзей (60+), а таксама некаторыя іншыя ўразлівыя катэгорыі. Ва ўсім свеце вызначаны парог вакцынаваных людзей, які дапаможа спыніць пандэмію, – 70% насельніцтва. Вопыт краін, у якіх дасягнулі гэтай лічбы паказвае, што прышчэпленыя людзі радзей заражаюцца, лягчэй пераносяць хваробу, сярод іх практычна няма смяротных выпадкаў.
Валанцёры арганізацыі будуць працаваць у аддаленых вёсках, сярод вызначаных груп насельніцтва, расказваць пра неабходнасць вакцынацыі, дапамагаць з дастаўкай людзей да прышчэпачных пунктаў. Будзе актыўна выкарыстоўвацца сацыяльная рэклама, для насельніцтва будзе працаваць бясплатная тэлефонная лінія па нумары 201, дзе можна атрымаць адказы на пытанні пра каранавірус, вакцыны і вакцынацыю, іншае.
У ходзе абмеркавання галоўны санітарны ўрач раёна Крысціна Афанасцьева заўважыла, што ў раёне сітуацыя з вакцыніраваннем лепшая за сярэднеабласныя паказчыкі. Дасягнулі неабходнага парога ў такіх сферах, як адукацыя, медыцынскае і сацыяльнае абслугоўванне, ёсць рух сярод работнікаў гандлю. Больш складана вырашаецца гэтае пытанне ў вытворчых арганізацыях.
Галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ Святлана Лінкевіч адзначыла, што для нашага раёна больш актуальнай з’яўляецца работа валанцёраў з гарадскімі пенсіянерамі, бо на вёсцы, у тым ліку і ў аддаленых населеных пунктах добра працуюць участковыя фельчары. Таксама трэба папрацаваць у такіх сельсаветах, як Каўлякоўскі, Мішневіцкі, часткова Мікалаеўскі, дзе шмат маланаселеных вёсак, раскіданых на вялікай адлегласці.
Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава прапанавала падключыцца да гэтай работы прафсаюзным актывістам, якія могуць займацца тлумачальнай работай па вакцынацыі ў працоўных калектывах.
У ходзе абмеркавання былі вызначаны канкрэтныя тэрміны і кола валанцёраў для рэалізацыі праекта на Шуміліншчыне. На працягу жніўня пройдзе падрыхтоўчы этап, абучэнне валанцёраў, будуць вырашаны арганізацыйныя пытанні. З 1 верасня пачнецца рэалізацыя праекта.
Здароўе чалавека – у яго руках. Калі кожны жыхар раёна будзе ведаць пра вакцынацыю з кампетэнтных крыніц, ад спецыялістаў, а не з чутак ў чэргах і сацыяльных сетках. Рэалізацыя праекта дапаможа прыняць кожнаму чалавеку правільнае рашэнне і прышчэпіцца. А значыць захаваць сваё здароўе і нават жыццё, рэзюмавалі ўдзельнікі круглага стала.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №65 ад 24.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *