Антон Шрубік: «Важна ўстанавіць ісціну. А гэта можна зрабіць у тым выпадку, калі ты не толькі прафесійна падрыхтаваны як юрыст, а і маеш звычайныя чалавечыя якасці»

Молодёжь Новости

Старшы лейтэнант юстыцыі

Нядаўна следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Антон Шрубік атрымаў званне старшага лейтэнанта юстыцыі.

Антон Шрубік працуе ў райаддзеле крыху больш за год. Пасля заканчэння следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС Беларусі Антон некалькі месяцаў працаваў у адным з мінскіх аддзелаў, а затым быў пераведзены ў Шумілінскі раённы аддзел Следчага камітэта.
– З першых дзён работы ў Следчым камітэце зразумеў, што ў следчай практыцы важныя дакладнасць, абавязковасць, уменне правільна размеркаваць кожную хвіліну, – гаворыць Антон. – Вельмі карыснымі былі падказкі следчага Алега Свіркунова, які быў маім непасрэдным кіраўніком.
Антон Шрубік расследуе крадзяжы, злачынствы, звязаныя з прычыненнем цялесных пашкоджанняў, службовы падлог і іншае. З пачатку года ў яго каля 30 крымінальных спраў, палова з якіх была перададзена пракурору для накіравання ў суд. Антон – граматны следчы, які ўмее пабудаваць з усімі бакамі адкрыты дыялог. Ён добра адчувае людзей і гэта дапамагае ў раскрыцці крымінальных спраў.
Да кожнага, будзь гэта пацярпелы ці падазроны, Антон падыходзіць скрупулёзна і адказна. «Прынцып любога следчага – гэта адносіны да чалавека, – разважае следчы. – Мы не выносім прысуд, гэтым займаюцца адпаведныя органы. Для нас важна ўстанавіць прычыну, ісціну. А гэта можна зрабіць у тым выпадку, калі ты не толькі прафесійна падрыхтаваны як юрыст, а і маеш звычайныя чалавечыя якасці».
Алесь САКАЛОЎ.
Апублікавана ў №65 ад 24.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *