Профсоюз помогает школьникам собрать портфель

Новости Образование Общество

Дапамаглі сабраць школьны партфель

У прафсаюзных дабрачынных акцыях «Прафсаюзы – дзецям» і «Збяры школьны партфель» актыўны ўдзел прымаюць прадпрыемствы і арганізацыі Шумілінскага раёна: выдзяляецца матэрыяльная падтрымка мнагадзетным, апякунскім, малазабяспечаным сем’ям, а таксама тым, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Канцылярскія вырабы дзецям Алесі Фёдаравай з Сіроціна прывезлі Віктар Лугаўцоў і Наталля Хамаганава.


У дабрачыннай акцыі прыняў удзел намеснік старшыні Віцебскага аб’яднання прафсаюзаў Віктар Лугаўцоў. Сумесна са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталляй Хамаганавай ён наведаў некаторыя шматдзетныя і няпоўныя сем’і на тэрыторыі Сіроцінскага сельсавета, якія выхоўваюць дзяцей школьнага ўзросту.
Прыезд прафсаюзных лідараў да сям’і Алесі Фёдаравай з Сіроціна быў прыемнай нечаканасцю. Жанчына практычна поўнасцю сабрала пяцікласніцу Ангеліну і трэцякласніка Яўгена да школьнага сезону. Дзеці ўзрадаваліся падарункам, якія прывезлі дарослыя. Ручкі, алоўкі, фламастары, фарбы ніколі лішнімі не бываюць, бо школьны год вялікі. Ангеліна і Яўген падзякавалі за падарункі. Маленькая Тамара, якой няма і двух годзікаў і якую маці зараз даглядае, знаходзячыся ў дэкрэтным водпуску, таксама пацягнулася да яркіх сшыткаў. Усё новае – усё ж цікавае. Тым больш, што дзяўчынка таксама хутка будзе наведваць дзіцячы сад, маляваць і ляпіць.
З дабрачыннай акцыяй, падарункамі і добрымі пажаданнямі прафсаюзныя лідары накіраваліся ў аграгарадок Слабада. Тут сустрэліся з Наталляй Кузьміной і Аксанай Паздняковай. Наталля працуе поварам у мясцовай школе, а Аксана – дворнікам. Жанчынам, якія выхоўваюць школьнікаў Андрэя і Арцёма, таксама ўручылі для сыноў пакеты з канцылярскімі вырабамі, пажадалі поспехаў і здароўя.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №66 ад 27.08.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *