Работа раённай газеты была разгледжана на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта

Главное Новости Общество

Трэба адпавядаць патрабаванням часу

Работа раённай газеты была разгледжана на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое прайшло 27 жніўня з удзелам міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пярцова

З інфармацыяй аб рабоце ўстановы «Рэдакцыя газеты “Герой працы” Шумілінскага раёна» па асвятленні грамадска-палітычных і сацыяльна-значных пытанняў выступіў начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Мазанкоў, з судакладам – галоўны рэдактар газеты Сяргей Ермалаеў.
Адбылося актыўнае абмеркаванне пытання, у ходзе якога былі акрэслены праблемы раённай газеты: падзенне тыражу, дэфіцыт маладых кадраў, пошук крыніц даходаў, каб выйсці на самаакупнасць, нарошчванне прысутнасці ў інтэрнэт-прасторы. Адзначалася, што ў час інфармацыйных баталій дзяржаўныя сродкі інфармацыі павінны шукаць новыя падыходы, каб адваёўваць сваю аўдыторыю.
Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў выказаў гатоўнасць забяспечыць маладых спецыялістаў жыллём, бо гэта адзін з галоўных фактараў замацавання моладзі ў раёне.
Яшчэ адзін варыянт рашэння кадравай праблемы раённых выданняў назвала начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая. Яна прапанавала калектывам расціць самім сабе змену, шукаць здольных школьнікаў, знаёміць іх з прафесіяй, даваць ім мэтавыя накіраванні, каб пасля навучання яны вярталіся на малую радзіму.
Галоўныя арыенціры ў рабоце рэгіянальных СМІ агучыў Уладзімір Пярцоў. Сярод прыярытэтных – пашырэнне работы ў інтэрнэце і паляпшэнне яе якасці. Сёння недастаткова размясціць матэрыял на сайце, трэба зрабіць усё неабходнае, каб ён знайшоў свайго чытача.
У якасці галоўных інструментаў міністр назваў індэксацыю публікацый для пошукавых сістэм і актыўную работу ў сацыяльных сетках і месенджарах.
– Раённай прэсе мы зараз надаём дастаткова вялікую ўвагу, прычына – падзеі мінулага года, зараз нашы ідэалагічныя апаненты робяць стаўку на рэгіёны, – адзначыў актуальнасць праблемы Уладзімір Пярцоў. – Моладзь, людзі сярэдняга ўзросту атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэта. І там часцей знаходзяць апазіцыйныя, дэструктыўныя публікацыі. Гэта ад няўмення дзяржаўных СМІ індэксаваць свае сайты і працаваць у сацсетках. Яны павінны ісці за чытачом, за яго каналамі спажывання інфармацыі.
Кіраўнік галіны выказаўся аб неабходнасці дзяржаўных выданняў разам з органамі мясцовай улады аператыўна рэагаваць на ўсе інфармацыйныя ўкіды, якія з’яўляюцца ў раённых, гарадскіх пабліках, групах.
– Бачыцца неабходнасць ўзмацнення матэрыялаў, якія тычацца сацыяльных, бытавых праблем насельніцтва. Інфармацыйны вакуум падхопліваюць нашы апаненты, якія пераварочваюць гэта як недапрацоўкі мясцовай улады, усёй сістэмы. Раённая газета павінна дакладна працаваць па кожнай праблеме, маніторыць паблікі, сацсеткі, жыць па прынцыпе – усё ведаць, аператыўна рэагаваць і папярэджваць. Разам са спецыялістамі райвыканкама журналісты павінны выязджаць на месца і расказваць, як рашаецца праблема. Гэта дазволіць зняць інфармацыйны нарыў, будзе аўтарытэт дзяржаўнага выдання і мясцовай улады, – упэўнены міністр.
Уладзімір Барысавіч вызначыў і напрамкі развіцця друкаванай версіі газеты: «Аператыўныя навіны чалавек можа атрымаць з тэлеграм-каналаў, тэлебачання, радыё, а вось іх тлумачэнне, аналітыка – задача друкаваных СМІ. Кожную навіну, нават рэспубліканскага маштабу, трэба падаваць праз жыццё канкрэтнага рэгіёна. Таксама неабходна развіваць аўтарскую журналістыку, актыўна ўводзіць калонкі рэдактара, якія нададуць выданню новы імпульс».
Па выніках абмеркавання было прынята рашэнне, якое прадугледжвае канкрэтныя прапановы для паляпшэння дзейнасці рэдакцыі. У прыватнасці неабходна забяспечыць рост тыражу да 2800-3000 экзэмпляраў, актывізаваць работу ў сацыяльных сетках, месанджарах, павысіць якасць матэрыялаў, якія друкуюцца ў газеце і размяшчаюцца на сайце і сацсетках і іншыя. Рашэнне будзе дапрацавана з улікам выказаных прапаноў і заўваг.
На пасяджэнні райвыканкама былі разгледжаны пытанні аб выкананні плана капітальнага рамонту жылога фонду і будаўніцтве станцый абезжалезвання ў раёне, а таксама аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый раёна да зімова-стойлавага перыяду.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №67 от 31.08.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *