Лучшие механизаторы Шумилинского района получили подарки от областного объединения профсоюзов

Главное Сельское хозяйство

На працавітасці людзей краіна трымаецца

Прыезд на Шуміліншчыну намесніка старшыні Віцебскага аб’яднання прафсаюзаў Віктара Лугаўцова быў прысвечаны прыемнай падзеі – віншаванню лепшых механізатараў, якія ўдзельнічалі ва ўборцы зерневых і зернебабовых.

Першым віншаванні прымаў адзін з самых маладых механізатараў раёна – Вадзім Гарланаў з ААТ «Прыазёрны мір».

На мехдвары ў Амбросавічах сабраліся калегі Вадзіма, прыехаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Савіцкі і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Марына Панкраценка. Усе адзначылі працавітасць, стараннасць і шчырасць Вадзіма Гарланава, які чатыры гады працуе ў гаспадарцы. У свае 24 гады хлопец паказвае прыклад руплівасці і дае фору сталым механізатарам. Ён практычна кожны год у лідарах прафсаюзных спаборніцтваў, якія арганізаваны ў гаспадарцы. Летась, напрыклад, быў прэміраваны бычком ад сельгаспрадпрыемства.
Пётр Бардзюкоў з сельгаспрадпрыемства «Лаўжанскае» на працягу дваццаці гадоў падчас уборачнай садзіцца за руль камбайна. Пачынаў працаваць яшчэ на «Енісеі», потым быў «Дон», а цяпер вось сучасны КЗР. Пятра Бардзюкова паважаюць і цэняць у гаспадарцы як сумленнага работніка.
Сумленнасць і надзейнасць аб’ядноўвае Яўгена і Андрэя Ткачовых з КУСГП «Сіроцінскі». Родныя браты ў гэтым годзе працавалі на адным камбайне. І хоць сямейны экіпаж крыху не дацягнуў да тысячы тон, дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай Прыгодзіч выказаў надзею, што тысячнікамі Ткачовы стануць у наступным годзе.
Ва ўсіх гаспадарках раёна Віктар Лугаўцоў сказаў шчырыя словы ўдзячнасці механізатарам за руплівасць і адзначыў, што менавіта на працавітых людзях трымаецца наша краіна. Віктар Міхайлавіч уручыў перадавікам жніва граматы абласнога аб’яднання прафсаюзаў за высокае прафмайстэрства і значны асабісты ўклад ва ўборку ўраджаю, майкі і кепкі з надпісам «ФПБ». Цёплыя словы ў адрас механізатараў выказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Наталля Хамаганава і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова.
Падчас сустрэчы з прафсаюзнымі лідарамі работнікі сельгаспрадпрыемстваў задавалі набалелыя пытанні, уздымалі праблемы, якія будуць вырашаны па гарачых слядах.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №67 от 31.08.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *