Пытанні развіцця прадпрымальніцтва ў Шумілінскім раёне былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні райвыканкама

Главное Президент Экономика

Прадпрымальніцтва: перспектывы развіцця

Пытанні развіцця прадпрымальніцтва ў Шумілінскім раёне былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні райвыканкама 25 верасня.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў заўважыў, што развіццё прадпрымальніцтва, прыватнага бізнесу вельмі важна для раёна. За кошт прыватных інвестыцый, без укладання бюджэтных сродкаў развіваюцца вытворчасці на мясцовых відах сыравіны, пашыраецца сфера паслуг, гандлёвае абслугоўванне, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. Так, прыватны гандаль замяніў сістэму спажыўкааперацыі. Прадпрымальнікі ствараюць новыя прадпрыемствы, новыя працоўныя месцы. У раёне ёсць значны патэнцыял для далейшага развіцця малых і сярэдніх прадпрыемстваў, шмат пустуючых будынкаў, у якіх можна ствараць новыя прадпрыемствы. «Як прывабіць прыватны капітал, што перашкаджае развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы, што рабіць, каб зняць гэтыя перашкоды?» – паставіў задачы перад удзельнікамі пасяджэння кіраўнік раёна.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка прадставіла аналіз сітуацыі. У раёне з 289 зарэгістраваных арганізацый дзейнічаюць 100 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу, працуюць 195 індывідуальных прадпрымальнікаў, пастаянна павялічваецца іх уклад у вытворчасць прадукцыі, экспарт тавараў і паслуг. З 37% у 2016 годзе да 57% у 2019 годзе вырасла доля прыватнага бізнесу ў даходах раённага бюджэту. У прыватных арганізацыях працуе 1669 чалавек, што складае амаль 23% агульнай колькасці працуючых у раёне. Выручка на 1 работніка ў прыватных прадпрыемствах перавышае 41 тысячу рублёў. Пашыраецца сфера дзейнасці прадпрымальнікаў, з’яўляюцца новыя віды дзейнасці.
Найбольшая колькасць прадпрымальнікаў дзейнічае ў такіх сферах, як гандаль, грузапасажырскія перавозкі, будаўніцтва, дрэваапрацоўка. У раёне працуюць 5 аграэкасядзіб. Дзякуючы прынятым нарматыўным дакументам, спрасціліся ўмовы для рамеснай дзейнасці – у раёне зарэгістравана 76 рамеснікаў.
Вядзецца будаўніцтва дастаткова буйнога аб’екта прыдарожнага сэрвісу прыватнага прадпрыемства «Тамара-гандаль», які ўключае гасцініцу, кафэ і магазін.
Разам з тым, адзначыла дакладчык, ёсць напрамкі, якія з’яўляюцца перспектыўнымі для прыватнага бізнесу і слаба прадстаўлены ў раёне. Гэта сферы грамадскага харчавання, арганізацыя вольнага часу і адпачынку для дарослых і дзяцей, іншыя.
Віктар Гутараў засяродзіў увагу спецыялістаў райвыканкама на такіх напрамках дзейнасці, як аграэкатурызм, выкарыстанне будынкаў закрытых устаноў адукацыі і вытворчых аб’ектаў, кантроль за дзейнасцю прадпрымальніцкіх структур, у прыватнасці, за выплатай зарплаты работнікам і яе памерах.
У ходзе абмеркавання пытання выступілі прадстаўнікі прыватных прадпрыемстваў «Славянскі прадукт» і «Вітконпрадукт», індывідуальныя прадпрымальнікі падзяліліся планамі па развіцці сваіх прадпрыемстваў, выказалі пажаданні і заўвагі.
Прапанаваны праект рашэння будзе дапрацаваны з улікам абмеркавання і дапоўнены выказанымі заўвагамі.
На пасяджэнне райвыканкама было вынесена і пытанне аб захаванні заканадаўства аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце ва ўстановах адукацыі раёна. З інфармацыямі выступілі галоўны санітарны ўрач Шумілінскага раёна Крысціна Афанасьева і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова. У справаздачах адказных асоб была адзначана як станоўчая работа, якая вя-дзецца па рамонце, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы устаноў адукацыі, арганізацыі навучальнага працэсу, харчавання дзяцей і іншых пытаннях, так і недахопы, што маюцца ў дзейнасці ўстаноў адукацыі. Свае асаблівасці сёлета ўнесла эпідэміялагічная сітуацыя з каранавірусам. Былі агучаны і планы аддзела на наступны год па ўмацаванні матэрыяльнай базы харчаблокаў школ і садоў, рамонце ўстаноў адукацыі і іншых пытаннях.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №76 ад 29.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *