В хозяйствах Шумилинского района ведётся работа по вывозке органики под урожай 2011 года

Сельское хозяйство Экономика

На пустым полі і трава не расце
Канец студзеня. Марозны дзень. На ферме Слабада КУСГП Сіроцінскі” кіпіць работа. Пашанцавала тут на шэфаў – прадпрыемства меліярацыйных сістэм. “Сярод усіх арганізацый, якія дапамагаюць гаспадаркам вывозіць арганіку на палеткі, ПМС можна ставіць у прыклад, – кажа начальнік райсельгасхарчу Г. М. Кісялевіч. – Меліяратары працуюць у “Сіроцінскім” і “Ульскім”, працуюць добра”.
Як расказаў галоўны інжынер ПМС М. Я. Пацэвіч, на прадпрыемстве арганізаваны дзве брыгады па вывазцы арганікі, у кожнай па два экскаватары, бульдозеры, шэсць трактароў з прычэпамі. За дзень паспяваюць вывезці на поле каля 600 тон гною.
Назіраем за работай экскаватара – за нейкія пяць хвілін ён з лёгкасцю закідвае на прычэп МТЗ шэсць каўшоў. І трактар з сямю тонамі ў прычэпе едзе на палеткі. “За дзень паспяваю зрабіць рэйсаў дваццаць, а то і больш”, – гаворыць механізатар А. І. Мамойка.
Лясгас дапамагае “Ляжням” і “Мішневічам”. А вось льнозавод не вывозіць гной ад ферм у “Ульскім”: з запланаваных пяці тысяч тон у канцы мінулага тыдня не было вывезена ніводнай. “Частка тэхнікі на рамонце, – тлумачыць сітуацыю дырэктар льнозавода А. М. Папіна. – Працуем у тры змены, таму не мелі магчымасці дапамагчы. Пастараемся гэта зрабіць у лютым”.
Не пашанцавала на шэфаў і “Прыдзвінскаму”. “Віцебскаблдарбуд” замацаваны за гаспадаркай, гной не вывозіць. Як і “Віцебскаблаўтатранс”, шэф “Лаўжанскага”. Забыліся і ў камунгасе на свой падшэфны СВК “Прыазёрны”. А між тым тут на 28 студзеня вывезена 23,3% арганікі да плана. Прыкладна такая ж сітуацыя і ў “Лаўжанскім”. Каму тэхнікі не хапае, іншыя спасылаюцца на недахоп саляркі…
А вось у “АграБаравінцы” спадзяюцца перш за ўсё на свае сілы: тут перавыканалі план па вывазцы арганікі, яе ўжо на палетках больш за 32 тысячы тон. “Створана механізаванае звяно па вывазцы гною, – гаворыць кіраўнік гаспадаркі А. А. Шалюта. – Ніякага сакрэту ў рабоце няма, план перавыканалі за кошт штодзённай адвозкі арганікі з жывёлагадоўчага комплексу”.
Нядрэнна спраўляюцца з вывазкай арганікі і ў СФГ “Крыніца” – тут увабраліся ў палову. Сваімі сіламі вывозяць гной на палеткі ў “Райаграсервісе” (38%). “На ферме Баёўка навялі парадак, механізаванае звяно пераехала працаваць на добрынскі ўчастак, – гаворыць галоўны аграном прадпрыемства В. І. Закрэўскі. – Там залежы арганікі, трэба паспець прыбраць іх да разводдзя”.
Дарэчы, усяго па раёне трэба вывезці на палеткі 280 тысяч тон арганікі, пакуль вывезена толькі палова. “У абласной зводцы наш раён у канцы, – гаворыць намеснік начальніка райсельгасхарчу па раслінаводству В. У. Коваль. – Люты будзе вельмі напружаным у рабоце, бо арганіку трэба вывезці да 1 сакавіка”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №8 ад 1.02.2011 года



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *