Задача – папярэдзіць пячныя пажары

Бяспека Новости Общество

Задача – папярэдзіць пячныя пажары

З такой печкай вельмі небяспечна пачынаць ацяпляльны сезон, робіць заўвагу гаспадарам з Сіроціна інспектар РАНС Вадзім Півавараў.

Верасень выдаўся халодным, і многія гаспадары прыватнага сектара распачалі ацяпляльны сезон. У такі час супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях абходзяць дамы вяскоўцаў, аглядаюць пячное абсталяванне і нагадваюць правілы пажарнай бяспекі. Што ж тычыцца правілаў, то яны простыя, але вельмі важныя і неабходныя для выканання: неабходна пабяліць печку для выяўлення трэшчын, прачысціць дымаход, пакласці перадтопачны ліст, не захоўваць дровы каля печкі і па магчымасці ўстанавіць у жылых пакоях аўтаномны пажарны апавяшчальнік.


Прадстаўнік раённай газеты разам з супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і членамі назіральнай камісіі праверылі, як жыхары населеных пунктаў Сіроцінскага сельсавета (былі наведаны катэгарыраваныя грамадзяне) падрыхтаваліся да ацяпляльнага сезона і выконваюць правілы пажарнай бяспекі.
З пачатку года на тэрыторыі Шумілінскага раёна з-за парушэння правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі пячнога ацяплення здарыліся 3 пажары.
У некалькіх дамах у Сіроціне, дзе пражываюць адзінокія сталыя вяскоўцы, інспектар РАНС Вадзім Півавараў зрабіў заўвагі і ўказаў гаспадарам на парушэнні. «З вашай печкай вельмі небяспечна распачынаць ацяпляльны сезон, – папярэдзіў ратавальнік адзінокапражываючую пенсіянерку. – Пакуль сапраўдныя халады не прыйшлі, неадкладна парамантуйце, замажце трэшчыны». Жанчына абяцала ў бліжэйшы час заняцца рамонтам. Інспектар РАНС уручыў прафілактычныя буклеты і пры гэтым нагадаў асноўныя правілы бяспечнага прапальвання печак: у моцныя маразы прапальваць два-тры разы і не больш чым па паўтары гадзіны, заканчваць прапальванне за 2 гадзіны да сну, сачыць за тым, каб мэбля і шторы знаходзіліся не менш чым у паўтара метрах ад печкі. У дамах, дзе выхоўваюцца маленькія дзеці, прасіў дарослых не дазваляць малым прапальваць печкі і не пакідаць іх адных дома.
Прыемна адзначылі для сябе члены камісіі, што гаспадары з разуменнем адносяцца да ўласнай бяспекі і своечасова ліквідуюць выяўленыя раней недахопы, мяняюць элементы сілкавання ў пажарных апавяшчальніках.
Па выніках рэйду робіцца аналіз прафілактычнай работы назіральнай камісіі, дзе былі выяўлены заўвагі і парушэнні, і абмяркоўваюцца шляхі іх ліквідацыі, зазначыў інспектар РАНС В. Півавараў. Актыўная работа камісій прыносіць станоўчыя вынікі.
Штодзённыя прафілактычныя рэйды працягваюцца.

Некалькі карысных парад ад ратавальнікаў:
– не выкарыстоўвайце для распальвання печкі гаручыя і лёгказагаральныя вадкасці;
– перш чым закрыць верхнюю засоўку печкі, пераканайцеся, што дровы поўнасцю згарэлі;
– попел, вуглі, выдаленыя з печкі, павінны быць пралітыя вадой да поўнага іх затухання.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №76 ад 01.10.2021 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *