Службовы раман Жанны Рагуновіч

Образование Общество

Службовы раман

Дзіцячыя захапленні, забавы, мары… Як далёка ў мінулым яны засталіся. Хаця гэтыя нітачкі з таго часу непарыўныя, яны трывала трымаюць нас на жыццёвым шляху, у многім вызначаючы будучае, карэкціруючы сучаснае. Гэта нашы струны душы.
Думаю пра гэта падчас размовы з цікавым субяседнікам, выдатным педагогам, таленавітым кіраўніком – дырэктарам Шумілінскай СШ №2 Жаннай Іванаўнай Рагуновіч.

Напярэдадні Дня настаўніка Жанна Іванаўна ўспамінае сваё дзяцінства, сваю 117-ю мінскую школу, свой клас, дзе разам з ёй было 44 (!) вучні, прычым, 43 з іх – з аднаго дома (!). І верагодна не адна яна ўспамінае зараз сваю першую настаўніцу Марыю Уладзіміраўну, якая помніцца дабратой і мяккасцю характару.
Яе дзяцінства было шумным, вясёлым. І цяпер у душы жыве шмат цёплых успамінаў з той пары. Напрыклад, як з сяброўкай Алай прагульвалі ўрокі (так, у школьным жыцці выдатніцы Жанны былі і такія эпізоды, пра якія яе мама даведалася ўжо праз многа-многа гадоў. І не паверыла), а яшчэ – як збіраліся ўсім класам на красавіцкі ленінскі суботнік («о, гэта было свята!»), надзявалі гумавыя боты, бралі з сабой пакеты для смецця, прыбіралі горад. А пасля суботніка ішлі шумным натоўпам у магазінчык, дзе прадавалі самыя смачныя ў свеце ванільныя сушкі.
Успамінае і тое, як іх 6 «Д» (разам з іншымі класамі з літарай «Д») перавялі ў другую школу ў новабудоўлю. Жанна тады была ў вучнёўскім самакіраванні, з якім часта працавала дырэктар школы. Жанчына дырэктар школы – гэтая мадэль гарманічна ўпісалася ў свядомасць з дзяцінства і, магчыма, пазней пазбавіла ад сумненняў наконт таго, ці жаночая гэта справа – дырэктарства. А чаму і не, скажа потым Жанна Іванаўна, якая не супраць здаровага без крайнасцей фемінізму.
Яна з дзяцінства жыла школай, несла яе дадому, разам з сяброўкай Алай гуляла «ў школу», правярала сшыткі, вяла журналы. Сяброўка пазней перамя-ніла мару і пайшла ў авіяцыю, а Жанна другой дарогі не хацела ніколі. І пасля васьмі класаў паступіла ў педагагічнае вучылішча, якое было адкрыта, каб рыхтаваць педагагічныя кадры для сталіцы. Конкурс 5 чалавек на месца яе не спалохаў.
У яе быў цудоўны старт: любячая дружная сям’я (мама з татам – высока-класныя спецыялісты МТЗ, тата прыдумваў для сваіх дзвюх дачок выдатныя казкі, меў залатыя рукі і кожны выхадны выцягваў сям’ю з дома – у парк, у кіно, у госці); у яе было шмат сяброў, захапленне музыкай (акардэон), спортам (гандбол); у яе былі выдатныя педагогі ў школе і вучылішчы.
І яе педагогі былі нямала здзіўлены, калі пасля заканчэння вучылішча малады спецыяліст папрасіла памяняць размеркаванне з Мінска на Шуміліна.
– А я ўсё жыццё любіла і люблю Шуміліна, – прызнаецца Жанна Іванаўна, – мама адсюль родам, і я кожныя канікулы ляцела сюды, сёння заняткі закончыліся, а заўтра я ўжо тут. Бягу за лінію ў домік бабулі з дзедам і сэрца скача ад радасці, ад яркіх зарападаў летам, ад высокіх снежных сумётаў зімой – у Мінску такога не ўбачыш.
Ці сумуе яна па Мінску? Жанна Іванаўна кажа, што не адмовілася б ад кватэры ў Мінску, каб гэтымі кастрычніцкімі вечарамі прагуляцца па знаёмых вуліцах дзяцінства, пасядзець ва ўтульнай кавярні… Але і ў сваім доме ў Шуміліне ёй таксама добра і ўтульна. У яе сэрцы хапае любові і для Мінска, і для роднага яе сэрцу маленькага гарадка.
– Без чаго няма настаўніка?
– Без прафесіяналізму, творчасці, самаразвіцця.
– Без чаго няма дырэктара?
– Без аптымізму, адказнасці, прафесіяналізму, каманды.
– Што для Вас школа?
– Школа – гэта не проста любоў. Гэта раман, які доўжыцца трыццаць чатыры гады – гэта службовы раман.
Аліна ПЯТРОВА
Апублікавана ў №76 ад 01.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *