Воспитание души учитель Татьяна Карташова считает главной задачей

Образование Общество

Выхаванне душы

Таццяна Карташова, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Обальскай СШ, узялася ўжо за трэці рэспубліканскі праект па духоўным выхаванні дзяцей. Ён называецца даволі складана – «Укараненне мадэлі фарміравання моўнай культуры дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя», а вучыць простым рэчам: чалавечнасці, дабрыні, мудрасці, спагадзе. Вучыць паважаць свае карані, культуру, мову, свой род, сваю сям’ю, свае святы.

З 2014 года ў школе вядуцца факультатыўныя заняткі «Асновы праваслаўнай культуры», на якіх па сутнасці фарміруюць маральныя каштоўнасці чалавека, выхоўваюць душу. Стаўся да людзей гэтак жа, як бы хацеў, каб ставіліся да цябе, – гэтае выслоўе стала дэвізам факультатыўных заняткаў, якія сёння наведваюць больш за 70 вучняў, а ў разавых мерапрыемствах па акрэсленай тэматыцы прымае ўдзел уся школа.
Да гэтай работы колішнюю выпускніцу Обальскай СШ падштурхоўвала само жыццё. Па характары сціплая, не надта ўпэўненая ў сабе, яна прызнаецца, што ўсім сваім перамогам над сабой і дасягненням яна абавязана Аляксандру Мікалаевічу Штокіну – гэта ён паклікаў на работу ў родную школу, падтрымаў і акрыліў, потым упэўніў, што яна зможа стаць дырэктарам дзіцячага прытулка, а пазней даверыў ёй работу намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. «Ён умеў расшыраць гарызонты, бачыць далей за іншых, смела браўся за новыя тэхналогіі, першым у раёне нацэліўся на інфарматызацыю. Аляксандр Мікалаевіч задаў такі тэмп і стыль ва ўсёй рабоце школы, за які мы і сёння трымаемся», – Таццяна Іосіфаўна са шчырай удзячнасцю расказвае пра свайго галоўнага ў жыцці настаўніка.
Хаця галоўны настаўнік – само жыццё, а Таццяна Іосіфаўна добрая вучаніца, якая стала добрай настаўніцай, выдатнай мамай для двух сыноў і дзвюх прыёмных дачок і любячай бабуляй для чатырохгадовага ўнука Кірыла.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №76 ад 01.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *