Нелёгкая служба социальных работников

Общество

Разумеюць, што пенсіянеру больш няма на каго разлічваць
Наша краіна, як бы цяжка ні было, не здраджвае сацыяльнай накіраванасці ў палітыцы. Гэта важна — дбаць на справе пра чалавека, пра тое, каб старасць яму не была ў цяжар. Менавіта ў старасці чалавек часцей за ўсё адчувае сябе бездапаможным, абдзеленым увагай.
У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва гэтыя азбучныя ісціны разумеюць. Слухаю, як захоплена расказваюць пра нялёгкую службу дырэктар Цэнтра В. Р. Штуро і загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Я. М. Сянькова, і лаўлю сябе на думцы: як гэта магло чалавецтва абысціся раней без такой дапамогі?! Раней — гэта да 1989 года, калі служба з’явілася, тады яшчэ пад сцягам СССР. Яфімія Міленцьеўна стаяла ледзь не ля вытокаў нараджэння Цэнтра, яе стаж у ТЦСА (20 гадоў) дазваляе параўнаць — як пачыналася, як стала  і разважыць, што чакае службу ў далейшым.
Пачыналі з абслугоўвання амаль 400 чалавек, паслуга да 2002 года была бясплатнай. Увялі плату — нават чыста намінальную, і многія пачалі абурацца, адмаўляцца ад паслугі. Праз месяц-другі ўсё адно вярнуліся. Лёс прымусіў, прымусіла само жыццё.
І сёння плата за паслугу для пенсіянера, скажам прама, смешная: ад 12,5 тысячы рублёў да 42 тысяч, пры ўмове, калі чалавек ляжачы. Затое пры пенсіянеру, як кажуць, жывая душа, сацыяльны работнік, з кім можна пагаварыць, хто дапаможа. Дапаможа практычна ва ўсім, хаця сацыяльнаму работніку акрэслена кола абавязкаў. Скажам, не абавязаны абкошваць, але як быць, калі сядзіба зарастае бур’янам, і сацработнік бярэ ў рукі касу. Або з колкай дроў. Не ўяўляеш сёння жанчыну (а кантынгент сацработнікаў жаночы, за выключэннем двух мужчын, пра іх крыху пазней) з сякерай, але ж іншым разам, як сцвярджае В. Р. Штуро, і дровы паколе, і занясе ў дрывотню. Праўда, гэта як выключэнне, пераважна ж клопаты чыста “жаночыя”: памыць падлогу, падаіць казу ці карову, схадзіць за прадуктамі, за лекамі. А бывае і прапаліць лазню. Словам, сацработнік часцей за ўсё не адмаўляе пенсіянеру ні ў чым, хаця і здараюцца непаразуменні. “У чалавека на схіле гадоў, — разважаюць суразмоўцы, —  асаблівы характар, ён бывае капрызны, яму цяжка бывае дагадзіць. Мы гэта ведаем і нацэльваем сваіх людзей быць з кліентамі карэктнымі, далікатнымі ў абыходжанні. Важна разумець іх, аддаваць ім часцінку свайго сэрца. Можа, гэта гучыць і залішне гучна, але яно так…”.
У чарзе на замяшчэнне “вакансіі” сацработніка не стаяць, бо служба спецыфічная, не кожны можа абслугоўваць нямоглага чалавека. Зараз 65 чалавек абслугоўваюць 500 кліентаў, “армія” іх з кожным годам расце. Увялі дадатковую тарыфную адзінку, але чалавека на пасаду знайсці цяжка. Зарплата ў межах 1,6 мільёна рублёў, і лацвей, калі кліентура жыве кампактна. Часта ж даводзіцца яму “накруціць” дзясяткі кіламетраў, асабліва на Казьяншчыне ці ў крывасельскай зоне. Як казалі ўжо, у Цэнтры  двое сацработнікаў мужчын — Віктар Васільевіч Васілеўскі з Любіч і Віктар Уладзіміравіч Ермаловіч з Мікалаёва. Яны не падзяляюць свае абавязкі на мужчынскія і жаночыя, трэба — і падлогу памыюць, і карову падояць.
Сацыяльныя работнікі летам пешшу не ходзіць, ім купілі веласіпеды. Цяжэй зімою: не кожны можа хадзіць на лыжах. Але да  кліента яго вядзе пачуццё адказнасці, вядзе разуменне таго, што пенсіянеру больш няма на каго разлічваць. Нялёгка ў моцныя маразы: адно — дарога, а яшчэ — двойчы на дзень, каб не здарылася бяды, трэба прапальваць у грубцы.
Нагадаем: менш людзей на абслугоўванні ў Цэнтры не становіцца. Нядаўна патэлефанавалі шасцёра чалавек, просяць сацработніка. І  дапамога абавязкова прыйдзе. Праўда, кіраўніцтва Цэнтра занепакоена праблемай маральна-этычнага плана, калі на састарэлых бацькоў забываюцца дзеці. З усёй “арміі” забіраюць у цёплыя кватэры на зіму  25 чалавек — усяго 5%, не песцяць многіх увагай і сыноўняй ці даччынай любоўю. Аддзяленне ж сацыяльнай дапамогі на даму па абавязку службы зробіць усё, каб састарэлы чалавек не адчуваў дыскамфорту, і зробяць гэта прафесійна, далікатна і абыходліва.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №13 ад 14.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *