9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты

Новости Общество

Робяць паслугі прывабнымі і актыўнымі

Старэйшае ў раёне аддзяленне паштовай сувязі Шуміліна-1 узначальвае Вольга Лях.

За апошнія гады паштовая сувязь перажыла многа перамен. Сучаснасць дыктуе новыя ўмовы і стыль работы, у тэхнічнага прагрэсу свае патрабаванні. Усё гэта стараюцца ўлічваць на ўчастку паштовай сувязі Шуміліна, кажа яго начальнік Алеся Новікава.

У сувязі з правядзеннем у райцэнтры абласных «Дажынак» будынак паштовай сувязі набыў новае аблічча, побач з’явілася прыгожая мастацкая паштовая скрыня. Шмат станоўчых перамен і ў іншых паштовых аддзяленнях, якія працуюць над павышэннем свайго іміджу. Напрыклад, пошта ў Мікіцісе пераехала ў новае адрамантаванае памяшканне. У верасні ўсім вясковым паштальёнам выдалі аўтаматычныя праграмныя комплексы «Мабільны паштальён» – усе паслугі зараз аплачваюцца ў рэжыме анлайн, не трэба афармляць квітанцыі ўручную, як раней. З мэтай папулярызацыі паштовых паслуг рэгулярна праводзяць дзень паштовай віншавальнай карткі, якую бясплатна дастаўляюць у любую кропку Беларусі.
Старэйшае ў раёне аддзяленне паштовай сувязі Шуміліна-1 узначальвае Вольга Лях. «Мы таксама рыхтаваліся дастойна сустрэць “Дажынкі”, – гаворыць Вольга Уладзіміраўна. – Не магу не пахваліцца новай мэбляй у аддзяленні і добрым рамонтам».
Работнікі аддзялення Шуміліна-1 ідуць у нагу з часам, стараюцца зрабіць свае паслугі прывабнымі і актыўнымі. Пошта была і застаецца запатрабаваным сацыяльным аб’ектам. Сюды ідуць заплаціць па рахунках за камунальныя паслугі і крэдыты, застрахаваць аўтамабіль і нерухомасць, адправіць і атрымаць пераводы і пасылкі. Дні выплаты пенсій – самыя напружаныя. Сталыя людзі, атрымаўшы грошы, тут жа разлічваюцца па рахунках, плацяць за электраэнергію і газ, купляюць алей, крупы, пернікі, цукеркі і іншыя прадукты. Пры неабходнасці набываюць талеркі, кубкі, пасцельную бялізну і гумавыя боты – і такія тавары ёсць на пошце. Не забываюць пакласці грошы на мабільныя тэлефоны не толькі сабе, але і ўнукам. Апошнім часам карыстаецца попытам заказ тавараў праз інтэрнэт-магазін РУП «Белпошта», а таксама посткросінг – анлайн-праект па абмене паштоўкамі і маркамі паміж людзьмі розных краін свету.
«Мы рады кожнаму наведвальніку, чым іх больш – тым больш высокі даход, – кажа Вольга Лях. – Да нас прыходзяць людзі з рознымі фінансавымі магчымасцямі, з рознымі густамі і патрабаваннямі. Стараемся да кожнага знайсці свой падыход, прапанаваць тую ці іншую прадукцыю ці паслугу. Мы добра ведаем мясцовых жыхароў, таму іншы раз заходзіць чалавек, а я ўжо ведаю, за чым прыйшоў і што купляць будзе».
Не забываюць у паштовым аддзяленні пра сваю святую функцыю – дастаўку перыёдыкі і карэспандэнцыі. Апошнім часам попытам карыстаецца адсылка лістоў першым класам, якія ідуць у паўтара раза хутчэй за звычайную карэспандэнцыю. У аддзяленні паштовай сувязі Шуміліна-1 добра выпісваюць і раённую газету. Па аўторках і пятніцах паштальён разносіць больш за дзвесце экзэмпляраў. І за гэта асабісты дзякуй ад рэдакцыі «Герой працы».
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Апублікавана ў №78 ад 08.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *