Сёння мы прадстаўляем вам мастака-афарміцеля Шумілінскай раённай бібліятэкі Іну Зянькову

Культура Новости

За кадрам. І ў кадры

Якім бы ўдалым не быў сцэнарый мерапрыемства, яно не будзе паўнацэнным без афармлення, без дэкарацый, за якія адказваюць мастакі-афарміцелі. Самі яны звычайна застаюцца за кадрам, а іх работа – у кадры. Таму было б несправядліва, калі б напярэдадні прафесійнага свята работнікаў культуры мы не расказалі пра такога неабходнага спецыяліста. Сёння мы прадстаўляем вам мастака-афарміцеля Шумілінскай раённай бібліятэкі Іну Зянькову.

Іна кажа, што ў яе вельмі цікавая работа, што ёй падабаецца працэс нараджэння канцэпцыі будучай дэкарацыі, падабаецца знаходзіць новыя рашэнні для праектаў, бачыць, як яны ўвасабляюцца. Ёсць у яе любімыя тэмы, дзе яна не адчувае межаў сваёй фантазіі, напрыклад, тэма Дня незалежнасці ці ўсімі любімы Новы год. А вось у тэму адкрыцця ў Шуміліне вакзала і ролі ў гэтым генерала Мельнікава ёй прыйшлося ўнікаць больш дасканала – без гэтага не атрымалася б стварыць дэкарацыі для тэатральнага дзейства, якое разгарнулася падчас сёлетніх «Дажынак» каля чыгуначнага вакзала.
Крыўдна бывае і калі дэкарацыі, на якія патрачана шмат часу і творчай энергіі, разбіраюць, перафарбоўваюць, каб стварыць новыя. Але ёсць фотаапарат. І ёсць магчымасць адгарнуць час назад, убачыць, напрыклад, дэкарацыі да Дня Перамогі, «Славянскага базару», да свята гумару «Смяяцца не грэх», іншых мерапрыемстваў. Часта Іна працуе разам з мастаком-пастаноўшчыкам раённага цэнтра культуры Таццянай Янчанка.
Зараз Іна Зянькова працуе над афармленнем раённай дзіцячай бібліятэкі, дзе прайшоў рамонт. А яшчэ яна стварае і напрацоўвае базу, фатаграфуе і запісвае на відэа ўсе мерапрыемствы, што праводзяць работнікі культуры. Потым апрацоўвае матэрыял і выкладвае ў папулярныя сацыяльныя сеткі – «Аднакласнікі», «ВКонтакте», YouTube, Instagram. Звычайна гэта робіцца ўжо дома ў вячэрні час. Але ў работнікаў культуры, як і ў іншых творчых людзей, дзейнасць не абмяжоўвае працоўны рэжым, бо творчыя ідэі нараджаюцца не па распарадку.
Аліна ПЯТРОВА.
Апублікавана ў №78 ад 08.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *