Чым жывуць вяскоўцы восенню? Нататкі з Дабейскага сельсавета

Главное Общество Президент

Чым жывуць вяскоўцы восенню?

На гэтым тыдні Дзень работы з насельніцтвам прайшоў у Дабейскім сельсавеце. Рабочыя групы, у склад якіх уваходзіла кіраўніцтва раёна, спецыялісты ўпраўленняў і аддзелаў райвыканкама, РАУС, УП ЖКГ, іншых службаў і арганізацый, наведалі ўсе населеныя пункты сельсавета.

На сустрэчы ў вёсцы Сосніна.

13 кастрычніка група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Будневічам працавала на маршруце Дабея – Вялікія Ляжні – Бараноўскія – Войлавічы –Лялюгі – Сосніна. Актыўнасць насельніцтва, трэба адзначыць, практычна ва ўсіх вёсках была высокай. Вяскоўцы прыйшлі і гасцей паслухаць, і пра сябе расказаць, чакалі прадстаўнікоў райвыканкама з прапановамі і пытаннямі.
Адной з галоўных тэм была прафілактыка каранавіруснай інфекцыі. Мікалай Будневіч расказваў пра сітуацыю з каранавіруснай інфекцыяй у раёне, засяроджваў увагу вяскоўцаў на захаванні мер бяспекі і пераконваў у неабходнасці зрабіць прышчэпку супраць COVID-19.
«У Дабеі людзей няшмат прыйдзе, – адразу адзначыў старшыня Дабейскага сельвыканкама Аляксандр Аляксеенка. – Многія пытанні вырашаюцца ў рабочым парадку. Самае хвалюючае для жыхароў Дабеі – работа магазіна – вырашана». І сапраўды, на сход прыйшло ўсяго некалькі чалавек, ды і яны не задавалі ніякіх пытанняў.
А вось у Вялікіх Ляжнях было шматлюдна. Жыхароў турбавала работа ФАПа, пошты і магазіна. Мікалай Будневіч адразу адзначыў, што ФАП у вёсцы застаецца, праўда, працаваць будзе на графіку – так, як зараз працуе. І пра закрыццё паштовага аддзялення гутарка не вядзецца. Старшыня райсавета пагадзіўся з вяскоўцамі ў тым, што такому населенаму пункту як Вялікія Ляжні неабходна мець свой магазін, і адзначыў, што ёсць папярэдняя згода аднаго з прадпрымальнікаў на адкрыццё крамы ў вёсцы.
Невялічкія вёскі Бараноўскія, Войлавічы, Лялюгі і Сосніна сустракалі восеньскай рознакаляровасцю і нейкім асаблівым спакоем. Практычна поўнасцю завяршыліся сельгасработы на агародах. Дзень работы з насельніцтвам – добрая нагода сабрацца ўсім разам, абмеркаваць надзённыя праблемы, проста паразмаўляць з прадстаўнікамі раённай улады. Зразумела, што падчас такіх размоў вяскоўцы шчыра расказваюць і пра свае праблемы. Так, даволі часта ўздымалася пытанне нарыхтоўкі дроў, прасілі перад зімой дарогу падрамантаваць. Жыхары Войлавічаў нагадалі «пытанне з барадой»: дрэвы лезуць пад самыя правады, таму пры моцных вятрах адбываюцца парывы ліній электраперадач. Мікалай Будневіч падкрэсліў, што вырашэнне ўсіх праблемных пытанняў будзе кантраляваць асабіста.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №80 ад 15.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *