Кто без маски? – Рейд по шумилинским торговым объектам

Актуалии Главное Здоровье Общество

Маска – абавязковы атрыбут

Сітуацыя з захворваннем на каранавірус напружаная як у рэспубліцы ў цэлым, так і ў нашым раёне ў прыватнасці. Таму ва ўсіх рэгіёнах узмоцнены кантроль за захаваннем масачнага рэжыму ў крамах, аб’ектах грамадскага харчавання, установах аховы здароўя, адукацыі, спорту і іншых грамадскіх месцах.

Пастанова Міністэрства аховы здароўя № 105, якая ўступіла ў сілу з 9 кастрычніка бягучага года, заклікае ўсіх нас выкарыстоўваць у грамадскіх месцах сродкі аховы органаў дыхання і захоўваць сацыяльную дыстанцыю, выконваць іншыя санітарна-гігіенічныя меры.

Захаванне масачнага рэжыму ў раёне рэгулярна правяраюць работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У адным з рэйдаў па гандлёвых аб’ектах мы пабывалі разам з памочнікам урача-гігіеніста РЦГЭ Вольгай Кузьміной. Мэта рэйду – у першую чаргу данесці да кожнага чалавека важнасць захавання мер бяспекі. Адразу адзначым, што ў кожным шумілінскім магазіне на ўваходных дзвярах, ля касы размешчаны лістоўкі, якія нагадваюць пра неабходнасць выкарыстання сродкаў індывідуальнай аховы. Для пакупнікоў устаноўлены санітайзеры для апрацоўкі рук ці стаяць бутэлькі з дэзсродкамі.
У адным з самых вялікіх магазінаў райцэнтра – «Санце» – у разгар рабочага дня пакупнікоў нямнога. Таму з лёгкасцю вызначаем: усе, як адзін, у масках. Прадаўцы таксама – і на касе, і ў гандлёвай зале. «Вядома, каранавірус прыбавіў клопату ўсім, – кажа загадчыца магазіна Алена Карпушэнка. – Кожны дзень па графіку мы апрацоўваем касы, халадзільнікі, кошыкі для пакупак, вітрыны. Прычым, робім гэта ў начны час, каб не перашкаджаць пакупнікам. Зараз у асноўным пакупнікі разумеюць і добраахвотна карыстаюцца маскамі. А месяц таму чаго толькі не было: і сварыліся, і скардзіліся. Увядзенне абавязковага масачнага рэжыму неяк уціхамірыла тых, хто не жадае насіць маскі».
Назіраем, як шумілінцы заходзяць у магазін «Міні-Маркет». Перад уваходнымі дзвярыма многія прыпыняюцца, дастаюць з кішэні маскі і надзяваюць. Вольга Кузьміна нагадвае як правільна іх насіць: абавязкова закрываць нос, рот і падбародак. «Даўно прывыклі да такога атрыбуту і строга яго захоўваем, – кажа пакупнік Вольга Кузняцова. – Мы ўсе павінны берагчы сябе і сваіх блізкіх. Нашу маску для таго, каб не заразіцца і не падвяргаць небяспецы іншых. Хто ведае, можа некаторыя з нас пераносяць вірус без сімптомаў. Таму лічу, што абавязкова ў грамадскіх месцах трэба надзяваць маску».
У магазіне «Метан» прадаўцы расказалі, што «не да ўсіх яшчэ дайшоў масачны рэжым». Бывала, некаторыя пакупнікі пужалі скаргамі ў вышэйшыя інстанцыі. Прадаўцам прыходзілася запэўніваць і пераконваць пакупнікоў, як важна выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы. Маскі, як і ў іншых магазінах, у «Метане» прадаюцца на касе. Меры прафілактыкі прадугледжаны і ў кафэ «Метан» – па рэкамендацыі работнікаў санстанцыі тут павялічылі адлегласць паміж абедзеннымі сталамі.
У магазіне «Еўраопт» толькі аднаго пакупніка мы ўбачылі без маскі. Але, падышоўшы да касы, ён да-стаў яе з кішэні і надзеў, бо ведаў, што інакш прадавец не абслугоўвае. Загадчыца аддзела магазіна Валянціна Штарас расказала: «У масках і самім прадаўцам нялёгка змену адпрацаваць. Але “не магу” ці “не хачу” зараз не прымаецца. Сітуацыя напружаная, бо вельмі многа хворых. Лепш карыстацца сродкамі аховы, чым хварэць».
Падчас рэйду не было выяўлена істотных недахопаў: дэзсродкі ёсць, прадаўцы ў масках. Работнікі санстанцыі зрабілі заўвагі некаторым магазінам – абнавіць дыстанцыйныя разметкі на падлозе.
Галоўнае, на думку работніка санстанцыі Вольгі Кузьміной, што калектывы гандлёвых кропак з разуменнем адносяцца да эпідэміялагічнай сітуацыі, самі выконваюць масачны рэжым і патрабуюць гэтага ад іншых. Захаванне сродкаў індывідуальнай аховы паспрыяе стрымліванню распаўсюджвання інфекцыі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №82 ад 22.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *