Таццяна Голуб: «Даўно чакаю змяненняў»

Новости Образование Общество

Пра новае ў беларускай адукацыі

Зараз у беларускай адукацыйнай сферы актыўна абмяркоўваецца новая рэдакцыя Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Нагадаем асноўныя змены, якія прапануе дакумент:
* пачатковым школам дазволяць прымаць на вучобу дзяцей, якім няма яшчэ 6-ці год;
* школьнікі змогуць спалучаць навучанне на даму і ў школе;
* прадугледжана магчымасць навучання школьнікаў, якія ўтрымліваюцца пад вар-тай у следчых ізалятарах;
* ВНУ заканадаўча ўстанаўліваюць магчымасць атрымання адукацыі ў дыстанцыйнай форме;
* «платнікам» і «мэтавікам» будзе прадастаўляцца статус маладога спецыяліста;
* у тэрмін абавязковай работы па размеркаванні будзе залічвацца перыяд ваеннай службы па кантракце і альтэрнатыўнай службы;
* бацькі і законныя прадстаўнікі дзяцей не атрымаюць права ўмешвацца ў навучальны працэс;
* уводзіцца адзіны дзяржэкзамен – выпускныя экзамены пасля 9 і 11 класаў бу-дуць сумяшчацца з ЦТ. Абітурыенты іх будуць здаваць у ВНУ. Ёсць прапанова залічваць у сярэднія спецыяльныя ўстановы без цэнтралізаванага тэсціравання – па конкурсе атэстатаў.
Трэба дадаць, што ўсе гэтыя змяненні плануюцца з 2023 года, а для выпускнікоў 2022 года пакуль што ўсё будзе па-ранейшаму.

«Даўно чакаю змяненняў»

Педагогі Шумілінскага раёна таксама ўключыліся ў абмеркаванне новаўвядзенняў у сферы адукацыі. Свае думкі з гэтай нагоды даслала ў рэдакцыю газеты дырэктар Кардонскай сярэдняй школы Таццяна Голуб:

«Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі – гэта той дакумент, без якога я не ўяўляю свой рабочы дзень. Аднак без усякай сціпласці скажу, што даўно чакаю змяненняў некаторых яго артыкулаў.
Напрыклад, перагляд сістэмы здачы выпускных экзаменаў у школе, на мой погляд, вельмі нават неабходны. «Навошта нашым дзецям здаваць экзамены ў школе, калі гэта ніяк не ўплывае на паступленне?» – такое пытанне часта задаюць бацькі выпускнікоў. Сапраўды, да выпускных экзаменаў у школе і да цэнтралізаванага тэсціравання вучням прыходзіцца рыхтавацца па-рознаму, але практычна адначасова. А практыка паказвае, што вынікі школьных экзаменаў практычна заўсёды супадаюць з сярэднім балам вучня за год. Дык ці ёсць тады сэнс у здачы гэтых экзаменаў?
Я не толькі настаўнік, дырэктар, але і мама. Мая дачка сёлета паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. І я дакладна магу сказаць, што яна перажывала псіхалагічны стрэс на працягу доўгага перыяду. Спачатку перажыванні былі звязаны з вынікамі выпускных экзаменаў, потым здача ЦТ і, нарэшце, чаканне паступлення на бюджэтную форму навучання…
Такая нагрузка не заўсёды праходзіць бясследна, і дзеці нашы ў гэты перыяд проста «выгараюць». Таму перагляд сістэмы паступлення ў ВНУ і каледжы лічу абгрунтаваным і актуальным на сённяшні дзень.
Хачу таксама выказацца наконт такой фармуліроўкі, як «бацькі не змогуць умешвацца ў навучальны працэс». На мой погляд, даўно пара ўжо вызначыць межы і ступень удзелу бацькоў (законных прадстаўнікоў) у адукацыйным працэсе.
Мы вельмі рады, калі бацькі прыходзяць да нас на святы, удзельнічаюць у агульнашкольных мерапрыемствах, дапамагаюць у іх правядзенні. Але сустракаюцца бацькі, якія, не маючы належных ведаў і кампетэнцый, расказваюць настаўнікам, як вучыць дзяцей. Прабачце, але хіба так павінна быць?
Статус настаўніка даўно ўжо не падымаецца, а толькі падае. І віна ў гэтым ёсць абсалютна ва ўсіх ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Мяркую, што ў абноўленым Кодэксе ўсе гэтыя моманты ўлічаць, і статус настаўніка будзе толькі расці».
Мы дзякуем Таццяне Мікалаеўне за тое, што яна ўзяла смеласць вынесці свае думкі на суд раённай аўдыторыі. Запрашаем да дыскусіі ўсіх жадаючых – настаўнікаў, выхавальнікаў, бацькоў, школьнікаў, студэнтаў. Свае меркаванні можаце дасылаць поштай ці на электронны адрас газеты «Герой працы» – G_pracy@vitebsk.by.
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з архіва Кардонскай СШ.
Апублікавана ў №83 ад 26.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *