Наталля Чарнічэнка: Чаго баяцца антываксеры?

Здоровье Общество

Чаго баяцца антываксеры?

Рашэнне вакцынавацца ці не мы прымаем самастойна. Адны пры гэтым абапіраюцца на вывучэнне і аналіз інфармацыі, іншыя давяраюць выключна ўласнай інтуіцыі. А яна каварная і звычайна прапануе перачакаць, маўляў, няхай іншыя спачатку паспрабуюць. І часта мае рацыю. Але толькі не ў нашым выпадку, калі лік ідзе не на гады, а ўжо, здаецца, на дні.

Адну маю знаёмую нямала абурыў той факт, што педагогам у школах настойліва рэкамендуюць прышчапіцца. А яны адмаўляюцца і маюць на гэта права. Вядома, маюць, але я вельмі хачу, каб настаўнікі, якія вучаць майго сына, прайшлі вакцынацыю. Мне і сотням іншых бацькоў так будзе спакайней за дзяцей, ды і за сябе.
Чаго яны баяцца? Чаму не давяраюць вакцынам, якія ўжо паспяхова зарэкамендавалі сябе ў дзясятках краін свету? Хіба не відавочны факт, што хварэюць і паміраюць не ад прышчэпкі, а без яе?
– Вакцыну рабілі хутка, прыхапкам. Пэўна ж не выканалі ўсіх патрэбных працэдур, не правялі дастатковай колькасці даследаванняў. Хто яго ведае, якія наступствы будуць. На жывых людзях эксперыменты ставяць. Я дакладна не дамся, няхай нават звольняць, – разважае мужчына, стоячы з прыяцелем на аўтастанцыі.
Сядаючы ў аўтобус, гэты асцярожны таварыш спешна затушыў цыгарэту і выкінуў яе ў сметніцу. Выходзіць, што наступствы курэння яго хвалююць мала, хоць страшныя дыягназы пішуць буйным шрыфтам на кожным пачку цыгарэт.
Мы п’ём алкаголь, колем ботакс у лоб і гіалуронку ў насагубкі, ядзім прадукты, у складзе якіх суцэльныя «Е», мала рухаемся і пры гэтым не асцерагаемся за сваё здароўе. А ботакс (ботулатаксін), на хвіліначку, наймоцны арганічны яд з вядомых навуцы арганічных таксінаў. Прэпарат паралізуе мышцы твару, і яны перастаюць скарачацца. Вось дзе сапраўдны жах! Але мы згаджаемся на гэта добраахвотна, яшчэ і грошы плацім.
Дарэчы, пра грошы.
– Ніколі не паверу, каб нешта добрае і карыснае нам вось так задарма раздавалі, – гэта ўжо развагі іншага майго знаёмага. – Была б вакцына сапраўды цудадзейнай, каштавала б неймаверных грошай. Ды і да простых смяротных пэўна б не дайшла.
А яшчэ літаральна ў кожнага антываксера ёсць знаёмы знаёмага, які працуе ў бальніцы і на свае вочы бачыў, як сотнямі паміраюць прышчэпленыя пацыенты. Ці слепнуць. Ці губляюць здольнасць размнажацца.
Страх перад прышчэпкамі ірацыянальны. Мы не біёлагі, не вірусолагі і не можам разважаць пра вакцыны прафесійна. Трэба проста даверыцца людзям, якія ведаюць, што робяць. Ну, давяраем жа мы пілоту і тонам незразумелых жалязяк, калі сядаем у самалёт…
Але многім чамусьці прасцей паверыць у змову сусветных карпарацый, якія заняволілі ўсю навуку планеты. Яны, вядома, прагнуць прыбытку, але для гэтага патрэбныя калі і не здаровыя, то, прынамсі, жывыя людзі. Інакш, хто будзе купляць іх зусім не танныя лекі?
Але мой фаварыт сярод вар’яцкіх ідэй антываксераў – стварэнне сусветнага ўрада. Як звычайна, дасталася Білу Гейтсу, які з дапамогай вакцыны збіраецца «чыпізаваць» насельніцтва планеты, каб ці то заняволіць, ці то знішчыць. Тут Мікіта Міхалкоў пастараўся. Зрэшты, і Марыя Шукшына не адстала. Бог, маўляў, не прыдумваў вакцыны, а значыць, людзі і без яе справяцца з вірусам. Таварышы, Бог і айфонаў не ствараў, але гэта не замінае нам імі карыстацца. Ён стварыў чалавека з мозгам і думаў, што гэтага хопіць.
Ніхто не абяцае, што вакцына на 100 працэнтаў абароніць ад заражэння. А нам жа хочацца абсалютных гарантый. Атрымліваецца, як у анекдоце.
Антываксер і інжынер падыходзяць да моста праз раку, што кішыць кракадзіламі і піраннямі.
– Ці бяспечна праходзіць па гэтым мосце? – пытае антываксер.
– Гэта бяспечна на 99,97 працэнтаў, – адказвае інжынер.
– Хм, тады я лепш уплаў, – прымае рашэнне антываксер.
Я баюся ўколаў. Але памерці я баюся больш. І за блізкіх перажываю. Так, вакцынацыя – асабістая справа кожнага, і пра сацыяльную адказнасць разважаць было б наіўна. Але цяпер менавіта той выпадак, калі аб’яднацца павінна ўсё насельніцтва планеты. Інакш увесь гэты жах ніколі не скончыцца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №83 ад 26.10.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *