Ветеранов Великой Отечественной Шумилинского района поздравили с Новым годом

Общество

«Цяпер навагоднія святы шчаслівыя»
Перад навагоднімі святамі чакаюць прыемных сюрпрызаў не толькі дзеці, але і дарослыя. Стварыць такі маленькі цуд, а разам з ім добры настрой, узялася раённая ветэранская арганізацыя на чале з яе старшынёй Т. В. Цэрах. Таццяна Васільеўна разам са старшынёй праўлення Тамарай Ганчаровай наведала ўсіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.


Сёння іх засталося нямнога, усяго дзевяць, усім ім больш за дзевяноста гадоў – ветэраны пражываюць у Шуміліне, на тэрыторыі Обальскага і Мішневіцкага сельсаветаў. Кожнаму з іх былі ўручаны падарункі, святочныя паштоўкі з цёплымі віншаваннямі. Для людзей паважанага ўзросту вельмі важна ўвага. Усе былі задаволены такім пераднавагоднім клопатам і віншаваннямі. «Цяпер навагоднія святы шчаслівыя, – кінуліся ва ўспаміны былая партызанка Надзея Сабаршова і працаўнік тылу Зоя Малькова з Обалі. – Усе атрымліваюць падарункі, на стале ў кожнага ўдосталь ежы, ёсць неабходнае адзенне і прадметы побыту. А вось падчас вайны мы і не помнім, каб святкавалі Новы год. Было не да гэтага. Свята сустракалі ў акопах, на полі бою, у партызанскіх зямлянках. У навагоднюю ноч падрывалі чыгуначныя масты, планавалі наступленне, на заводах выраблялі зброю і салдацкія каскі, на фабрыках шылі шынялі і кірзавыя боты. Было не да святаў. І салдаты, і партызаны, і тыя, хто працаваў у тыле, рупіліся на адну мэту – набліжалі Перамогу».
Ветэраны згадалі, што пасля вайны таксама Новы год быў сціплы: цацкі рабілі са звычайных газет, на ёлку вешалі гірлянду з ваты і папяровыя сцяжкі. Ну, а паштоўкі ў той час увогуле былі раскошай.
– Самае важнае пажаданне ад нас, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, усім нашым землякам – гэта мірнае неба і спакойнае жыццё, – адзначыла былая партызанка Надзея Быкава з Шуміліна.
Таццяна Цэрах і Тамара Ганчарова пажадалі ўсім ветэранам здароўя і дабрабыту. У чарговы раз падзякавалі ўсім за мужнасць, адвагу на франтах і ў партызанскіх атрадах, за самаадданую працу ў ваеннае ліхалецце і адзначылі, што дзякуючы ўсім ветэранам у нас мірны і шчаслівы Новы год.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №2 ад 10.01.2020 г.

Падчас віншавання Зоі Мальковай з Обалі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *