На совещании в Никитихе подвели итоги подворного обхода а Ловжанском сельсовете

Актуалии Президент

Рух павінен быць двухбаковым
З 2 па 6 лютага быў праведзены падворны абход усіх населеных пунктаў Лаўжанскага сельсавета. У рамках Дня работы з насельніцтвам 14 лютага кіраўніцтва райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў правяло выязны прыём грамадзян.
Для чаго былі арганізаваны гэтыя мерапрыемствы? Па-першае, кожны жыхар сельсавета меў магчымасць пагаварыць з прадстаўнікамі раённай улады, задаць пытанне, расказаць аб набалелай праблеме. Па-другое, і самі работнікі райвыканкама, кіраўнікі раённых службаў бачылі сітуацыю на месцы, мелі магчымасць адразу ж зняць пытанне ці выпрацаваць рашэнне.
Як у Светласельскім і Каўлякоўскім сельсаветах, дзе ўжо прайшла такая форма работы з насельніцтвам, так і ў Мікіцісе падворны абход завяршыўся абмеркаваннем вынікаў. Выніковую нараду правялі ў мінулы аўторак першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Удзельнікі нарады найперш заслухалі справаздачу старшыні Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлавай.
Таццяна Анатольеўна спынілася літаральна на кожным пытанні, узнятым падчас правядзення ў сельсавеце падворнага абходу, выказала занепакоенасць тым, што некаторыя праблемы пакуль што не знаходзяць свайго вырашэння. Як, напрыклад, па адкрыцці комплекснага прыёмнага пункта ў Крывым Сяле.
В. В. Родзіч запатрабаваў ад кіраўніцтва раённай бытавой службы больш прадметнага падыходу да вырашэння праблемы, стварэння нармальных умоў работы для сваіх спецыялістаў, пашырэння відаў паслуг і, вядома ж, больш годнай зарплаты. Ён упэўнены, што пры такім падыходзе і кадры знойдуцца, і вяскоўцы змогуць атрымаць жаданую бытавую паслугу. Дырэктар КУП бытавога абслугоўвання насельніцтва В. П. Бабічаў паабяцаў да 1 красавіка бягучага года падабраць работніка і адкрыць КПП.
(Ад рэдакцыі. У гэтым нумары змешчана падрабязная інфармацыя пра выкананне зваротаў, узнятых падчас правядзення падворнага абходу ў Каўлякаўскім сельсавеце.)
Старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко далажыла, што падчас правядзення падворнага абходу жыхары сельсавета ўзнялі 23 пытанні, 11 з якіх ужо вырашаны. Святлана Паўлаўна паведаміла, што на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 33 населеныя пункты, у 833 домаўладаннях пражывае 2026 чалавек, у тым ліку 1196 працаздольных, 318 – дашкольнікаў і школьнікаў.
Больш падрабязна пра ўсе звароты насельніцтва далажылі кіраўнікі груп райвыканкама, якія праводзілі падворны абход. Найбольшая колькасць пытанняў (аб гэтым раённая газета расказвала ў № 12 за 10 лютага) была зададзена жыхарамі Добрына. Асабліва вострая праблема – пустуючае жыллё ў шматпавярхоўках.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава прапанавала УП ЖКГ прывесці ў парадак шматкватэрны дом па вуліцы Маладзёжнай і перасяліць сюды жыхароў з тых шматпавярховак, якія не ацяпляюцца. Бо апошнія абаграваюць сваё жыллё газам, а гэта вельмі небяспечна і не вытрымлівае ніякай крытыкі ў плане рацыянальнага выкарыстоўвання энергарэсурсаў.
У Лаўжанскім сельсавеце выявіліся тыповыя пытанні для ўсяго раёна: рамонт дарог, дахаў, водазаборных калонак, павелічэнне асартыменту тавараў у магазінах.
Усе праблемы, а таксама тыя, з якімі людзі прыйшлі на прыём да старшыні раённага Савета і намеснікаў старшыні райвыканкама, занесены ў пратакол даручэнняў, па кожным пытанні акрэслены тэрміны выканання, у месячны тэрмін кожны заяўнік атрымае адказ.
Безумоўна, дзяржава павінна клапаціцца пра сваіх грамадзян, ствараць магчымасць для іх годнага пражывання, рабіць даступнымі для ўсіх жыхароў – і вялікага горада, і самай маленькай вёсачкі – паслугі гандлю, сувязі, культуры, іншыя. І трэба сказаць, што дзяржава многае робіць у гэтым накірунку, што сацыяльныя праграмы застаюцца ў ліку самых прыярытэтных. Іншая гаворка, што ёсць людзі (і іх нямала), якія самі для свайго жыцця не хочуць рабіць нічога. Не будзем ужо гаварыць пра наяўнасць у хлеўчуку вяскоўца каровы і парася, але каб каля хаты здаровага мужыка расло ўпоравень з ім пустазелле і не было дроў на зіму, такое раней і не прыдумаў бы. А цяпер такіх прыкрых прыкладаў колькі хочаш. Выявілася і іншая акалічнасць: нежаданне некаторых людзей наогул працаваць, але вялікае жаданне выпіць, пагуляць. Гэта асобны кантынгент для ўвагі супрацоўнікаў міліцыі і пажарных, якія ўключаны ў склад кожнай групы. З кожным персанальна яны вядуць гутаркі, а калі гэта не дапамагае, прымаюць іншыя меры. І ўсё ж шкада, што ў нас няма сёння закона аб дармаедстве.
Наогул, як падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама В. В. Родзіч, падворныя абходы павінны прывучыць і раённыя службы рашаць пытанні аператыўна, якасна, і саміх людзей трымаць сваё жыллё ў парадку. “Рух на гэтай дарозе, — падкрэсліў Віктар Віктаравіч, — павінен быць двухбаковым”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №14 ад 17.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *