К Дню памяти воинов-интернационалистов

Актуалии Общество

Гара з гарою не сходзяцца…
Час мяняе людзей, іх густы і захапленні.  Было, калі юнакі марылі, проста трызнілі небам, хацелі стаць  касманаўтамі, марылі адправіцца на якую-небудзь далёкую палярную станцыю.  Валерый Палякоў – з той эпохі, калі трызнілі і любілі рамантыку. Праўда, у “чыста” лётнае вучылішча ён не пайшоў – паступіў у авіяцыйна-тэхнічнае  ў Даўгаўпілсе.

Закаўказская ваенная акруга – асаблівы  этап у жыцці Валерыя Палякова. Тут рыхтавалі для баёў у гарах Афганістана  з сумна памятнага 1979-га, калі нашы войскі ўвязаліся ў нялёгкую і, як пазней стала вядома, зацяжную вайну. Не абмінуў афганскі лёс і старшага лейтэнанта Валерыя Палякова. Праўда, ніхто, і афіцэры таксама, не адпраўляліся туды пад прымусам – так сцвярджае сам герой замалёўкі. Адмаўляліся паслужыць у “гарачай кропцы” літаральна адзінкі. Палічыў за гонар паляцець у Афган і Валерый. Туды   рыхтавалі 101-ую эскадрыллю штурмавой авіяцыі.  Дарэчы, самалёты  атрымалі назву  “гракі” – па выцягнутай форме “дзюбы”…
Паляцеў Валерый Палякоў, меўшы ўжо сваю сям’ю. Ягоная жонка, Любоў – таксама, як і ён, з Шуміліна. Пазнаёміліся вучнямі і не расставаліся, нават,  калі  вучыліся ў розных гарадах, знаходзілі час патэлефанаваць,  напісаць ліст. На канікулы курсант абавязкова прыязджаў дадому, і яны адводзілі душу ў гаворцы і  ўзаемных прызнаннях. Словам, усё ішло да вяселля. І яго згулялі, не паспеў Валерый толкам  паслужыць у Астрахані, куды накіравалі адразу пасля вучылішча…
Афган прайшоў не толькі праз яго лёс – ён зачапіў сваім трывожным крылом усю сям’ю, і жонку, і дачку Віку таксама. Іх не менш, а мо і больш, чым яго  самога. Ён паляцеў з сябрамі-аднапалчанамі, ён мужны, ён – баец, і яны  жылі чаканнем яго вяртання. Адправілі на год. Валерый чакаў змену, але яе ўсё не было. Зноў чаканне, яшчэ больш напружанае і трывожнае.
Можа, таму, што яго дома чакалі, і вярнуўся Валерый Палякоў у сваю часць жывы і здаровы, хаця хапіла па самае не хачу. Няхай у лётчыкаў рызыкі больш, чым у “наземных”, але ж хто сказаў, што менш адказнасці ў іх, тэхнікаў? Не радавыя салдаты – афіцэры правяралі ўсё самалётнае “начынне”, падвязвалі бомбы, насілі снарады, даводзілі да  ладу  рацыю, кулямёты, і рабілі гэта і днём, і ноччу. Ноччу, магчыма, і часцей. А наконт рызыкі? Думаеце, іх, наземных, не абстрэльвалі, думаеце, не ведаў вораг, хто адпраўляе  савецкія  самалёты са смертаносным грузам? Праўда, ніводны тэхнік у час абстрэлаў у іхняй эскадрыллі не загінуў. Затое камандзіру было прысвоена высокае званне Героя Савецкага Саюза. Пасмяротна…
Чакалі Люба з Вікай вяртання дарагога ім чалавека цэлыя два з паловай гады. І не было гарантыі, што не паляціць Валерый у Афганістан яшчэ раз. Так і сталася: у 86-ым зноў “паклікала труба ў паход”. На гэты раз штурмавікоў СУ-25  у Афганістане была не адна эскадрылля – цэлы полк. У той заезд Валерый вяртаўся ў часць з медалём “За баявыя заслугі” на грудзях…
Кажуць: гара з гарой не сходзяцца, а чалавек з чалавекам сустрэнецца абавязкова. У горадзе Шынданд ён нечакана сустрэў свайго аднакласніка Валерыя Шэдзько. Той быў ужо намеснікам камандзіра верталётнай эскадрыллі, і на пагонах у яго паміж двух прасветаў ззяла   зорка маёра. Вядома, выпілі тады па-зямляцку па сто грамаў франтавых, разгавеліся на ўспаміны.  Сумна было развітвацца, аднак – вайна, у кожнага свае ваенныя абавязкі…
Ці часта ўспамінае капітан у адстаўцы Валерый Мікалаевіч Палякоў свой Афган? Згадвае. І тады, калі гартае фотаальбом, і тады, калі  сустрэне  на вуліцы афганца і спытае будзённа: ”Ну, як жывеш?”, і тады, калі прыспее дзень 15 лютага…

Змяшчаем з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў экспрэс-інтэрв’ю з воінамі-афганцамі Сяргеем Яўгенавічам Самайловічам і Вячаславам Яўгенавічам Цуранавым. Размова, вядома ж, па “гарачай” тэме: пра тое, ці часта згадваюць учарашнія байцы сваю службу (часцей – вайну) у Афганістане, ці доўга давялося там ваяваць. Хацелася пачуць пра тое, ці ёсць сапраўднае братэрства ў тых, хто прайшоў праз суровае гарніла Афгана.
С. Я. Самайловіч:
– Згадваю Афган часта, не толькі ў дзень памяці, 15 лютага. Сустракаешся, напрыклад, на вуліцы з тымі, хто быў там, пагаворыш. І так пры кожным выпадку. Здымкаў з той пары амаль не захавалася. Адно – знімаліся мала, а яшчэ – фотаальбомы тады канфіскоўвалі. Самі ведаеце, які быў час. Засталіся дробныя фоткі. Але яны пажаўцелі, твараў не бачна.
На вайне быў амаль сямнаццаць  месяцаў. Я прызываўся ў пагранічныя войскі, і там, сярод пяскоў і спякоты, было   нялёгка. Аднак быў малады, моцны. Пашчасціла: вярнуўся дамоў без раненняў…
В. Я. Цуранаў:
– Той час, тую вайну не забудзеш. І таму, што яна прыпала на  маладосць, і таму, што вайна – гэта кроў і слёзы. Мне, праўда, паслужыць у Афганістане трапілася ў той час, калі неўзабаве павінны былі вывесці нашы войскі. Аднак усё роўна  ўспамінаю пра гэта часта. І сяброў баявых успамінаю, і тое, якая атмасфера тады была ў войску. Працаваў на машыне, і чаго мне толькі не давялося перавозіць.
З многімі, хто служыў у Афганістане, падтрымліваю цесныя кантакты. Самыя, бадай, цёплыя адносіны ў мяне з Мікалаем Віславухавым. З ім часта сустракаемся. Пагаворым, кульнём па чарцы, згадаем пра тое, як служылася…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №13 ад 15.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *