Станцыю тэхагляду шумілінскія аўтаўладальнікі чакалі даўно

Безопасность Новости Общество

Экзамен для транспартных сродкаў

Станцыю тэхагляду шумілінскія аўтаўладальнікі чакалі даўно. Многія хваляваліся, чаму спазніліся спецыялісты дыягнастычнай станцыі і не пачалі працэдуру агляду транспартных сродкаў з 1 кастрычніка, як было запланавана першапачаткова. Справа ў тым, што станцыя праходзіла сертыфікацыю і выпраўляла ўсе недахопы, і толькі з 25 кастрычніка запрасіла на ТА першых жадаючых.

Начальнік дыягнастычнай станцыі Яўген Гарбуноў размаўляе са Стасам Сонцавым – прэтэнзій да аўто няма.

Упершыню спецыялісты дыягнастычнай станцыі №87 філіяла «Аўтобусны парк №2 г. Полацк» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» працуюць на новым месцы – у аграгарадку Светласельскі (за будынкам сельвыканкама). На мінулым тыдні карэспандэнт раённай газеты таксама адправіўся на мабільную дыягнастычную станцыю – паглядзець, як шумілінцы праходзяць тэхагляд.
У разгар рабочага дня на пляцоўцы для тэхагляду мы налічылі шэсць аўтамабіляў. Яны стаялі не ў чарзе – кожны праходзіў іспыты на пэўных пляцоўках.
«Шумілінцы даволі актыўныя, – расказаў начальнік дыягнастычнай станцыі Яўген Гарбуноў. – У сярэднім за дзень прыязджаюць на тэхагляд па сорак чалавек. Гэта для нас немалая нагрузка. Працуем як з прыватнымі асобамі, так і з юрыдычнымі. Многа аўтамабіляў прыганяюць з ПМК-70, УП ЖКГ, Обальскага керамічнага завода, райгазу. Тое, што ажывіліся прыватнікі, лёгка растлумачыць: з пачатку года плаціць трэба толькі за тэхагляд, без дарожнага збору, як было раней. Ну, а трыццаць рублёў на тэхагляд кожны знойдзе, хто не хоча хадзіць пешшу. Адзначу, што большасць аўтамабіляў праходзяць тэхагляд з першага разу. Аднак ёсць і паўторнікі. Асноўныя прэтэнзіі – адсутнасць знака аварыйнага прыпынку, вогнетушыцеля, пратэрмінаваныя лекі ў аптэчцы, няспраўнасць светлавых прыбораў».
Дзеля зручнасці гаспадароў транспартных сродкаў ля ўязных варот дыягностычнай станцыі прымацавана схема руху. Спачатку афармляюцца дакументы і выпісваецца квітанцыя на аплату паслуг, затым транспартны сродак праходзіць так званы інструментальны кантроль – правяраецца работа светлавых прыбораў, габарытаў, гукавых сігналаў, наяўнасць вогнетушыцеля і аптэчкі. Дарэчы, спецыялісты дыягнастычнай станцыі адзначылі, што на восеньскім тэхаглядзе вельмі мала матацыклаў і мапедаў. Напэўна, большасць з іх зімой не эксплуатуюцца, таму людзі і эканомяць.
Другую пляцоўку называюць інжынерна-дыягнастычнай. Тут праводзіцца экзамен для аўто на спраўнасць тармазной сістэмы і на дымнасць.
Такія іспыты на сваім «Фальксвагене» пад’ехаў прайсці жыхар райцэнтра Стас Сонцаў. «Я чакаў тэхагляд і рыхтаваўся да яго, – расказаў малады чалавек. – Увогуле гэта вельмі зручна, што зноў з’явілася магчымасць прайсці ТА у Шуміліне, не трэба траціць час і паліва, каб ехаць у бліжэйшыя гарады. Думаю, што прайду тэхагляд, я ж не навічок-вадзіцель – за плячыма сем гадоў стажу. Таму праверыў усе вузлы і агрэгаты аўтамабіля загадзя».

Аўто Віталіі Турковай з Язвіна аглядае інжынер-дыягност Сяргей Грамакоў.

Да пляцоўкі на «Рэно» пад’язджае дзяўчына-вадзіцель. Падыходзім да яе бліжэй і знаёмімся.
– Віталія Туркова, – прадстаўляецца яна. – Жыву ў Язвіне, прыяз-джала ў райцэнтр і вырашыла заехаць на тэхагляд. А тут у спецыялістаў якраз “фортка”, так што мяне прынялі без запісу. Можна сказаць, пашанцавала. У сваім аўто ўпэўнена.
Акрамя трох спецыялістаў дыягнастычнай станцыі, на тэхаглядзе працуе інжынер па допуску транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху УП «Белтэхагляд» па Віцебскай вобласці Эдуард Грыгаровіч. Гэта апошні спецыяліст, да якога заходзяць уладальнікі аўто. Тут праводзіцца дакументальны кантроль: спецыяліст аглядае знешні выгляд аўтамабіля, яго нумары і выдае дазвол да ўдзелу ў дарожным руху. У чаканні дакумента мы засталі вядучага энергетыка з «Вежы» Аляксандра Барысевіча. «Атрымліваю допуск да ўдзелу ў дарожным руху на вялікагрузны аўтамабіль “Сканія”, – расказаў Аляксандр Пятровіч. – Падрыхтавалі яго загадзя, разумеем, што на першым плане павінна быць бяспека лю-дзей падчас дарожнага руху».
Тэхагляд у Шуміліне працягваецца. Прайсці яго па запісе можна да 27 лістапада.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №87 ад 09.11.2021 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *