У дзень юбілею ў Леаніда Пагарэльскага не змаўкаў тэлефон

Новости Общество

Чалавек-легенда і прыклад мудрасці

Тыя, хто калісьці працаваў з Леанідам Вячаслававічам Пагарэльскім, які ўзначальваў калгас імя Энгельса, у адзін голас кажуць пра яго як пра талковага гаспадарніка, прыстойнага чалавека, добрага і шчырага. Не выпадкова ў дзень юбілею ў Леаніда Вячаслававіча не змаўкаў тэлефон – званілі былыя калегі – брыгадзіры, даяркі, жывёлаводы, паляводы. Тэлефанавалі з розных прадпрыемстваў і арганізацый Мінска, Віцебска і іншых гарадоў.

Вячаслава Пагарэльскага віншуе дырэктар ААТ «АграБара-вінка» Павел Шакун.

Усім знаёмым хацелася выказаць былому старшыні словы ўвагі і прызнання. А старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Гутараў уручыў юбіляру Ганаровую грамату райвыканкама за шматгадовую працу і асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі.

Родам з Сенненскага раёна, Леанід Пагарэльскі ў 27 год прыехаў на Шуміліншчыну. За плячыма была Магілёўская савецка-партыйная школа. Працаваў спачатку інструктарам, а потым загадчыкам аддзела Шумілінскага райкама КПБ. Праз некалькі гадоў яму прапанавалі пасаду галоўнага дзяржаўнага інспектара па закупцы і пастаўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. У 1986 годзе Леанід Пагарэльскі ўзначаліў калгас імя Энгельса.
На той час сельгаспрадпрыемства не было ў ліку перадавікоў. У нялёгкі час перабудовы калгас не толькі ўстаў, вобразна кажучы, з каленяў, але праз некалькі год мог пахваліцца і сваім прыбыткам. Менавіта Леанід Пагарэльскі згуртаваў калектыў, падабраў сабе надзейную каманду, прымусіў усіх паверыць ва ўласныя сілы.
«Помню, як маці, якая выхоўвала мяне адна (бацька загінуў у Вялікую Айчынную вайну) вучыла: да кожнага чалавека трэба адносіцца паважліва. Гэтая простая навука, якую я пранёс праз усё жыццё, вельмі дапамагала мне ў рабоце. Якія б пасады чалавек ні займаў, дзе б ні працаваў, трэба памятаць, што наша сіла – гэта працавітыя людзі, без іх нідзе і ніколі не абысціся», – кажа Леанід Пагарэльскі.
Гэтыя простыя жыцейскія ісціны расказаў Леанід Пагарэльскі сваім гасцям, якія з кветкамі і падарункамі завіталі да яго падчас юбілею. «Вы для нас – чалавек-легенда, прыклад мудрасці, прыстойнасці і настойлівасці, – адзначыў дырэктар ААТ “АграБаравінка” Павел Шакун. – І зараз ад старэйшых людзей у Башнях часта чую фразы кшталту: “Пагарэльскі паважаў кожную цялятніцу, трактарыста і пастуха” ці “Леанід Вячаслававіч быў сапраўдным гаспадаром на жніўным полі”. Так што нам, маладым, ёсць чаму ў вас павучыцца».
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова згадала 90-ыя гады, калі працавала ў БРСМ і пазнаёмілася са старшынёй калгаса імя Энгельса – прыгожым, статным, падцягнутым, поўным энергіі і задору. Прайшлі гады, і практычна нічога не змянілася. І сёння Леанід Пагарэльскі аптыміст, з іскрынкамі ў блакітных вачах, ён любіць жыццё і людзей, разам з жонкай Тамарай Сцяпанаўнай любіць сустракае гасцей, цікавіцца палітыкай і жыццём у раёне.
Цёплыя словы пра Леаніда Пагарэльскага сказаў галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Андрэй Мацюшчанка. Ён згадаў часы, калі працаваў галоўным інжынерам на льнозаводзе і па службовых абавязках часта бываў у сельгаспрадпрыемстве, бачыў, як да бліжэйшых вёсак ад Башнёў рамантавалі дарогі, як будавалася школа, фермы ў Лажку, Дубраўскіх і Саладухах, як узвялі міні-кафэ «Будавесць», куды на юбілеі і вяселлі ездзілі з усяго раёна. А яшчэ калгас закупіў устаноўку па вытворчасці ячных круп – забяспечыў імі ўвесь раён.
Павіншаваць свайго былога кіраўніка і калегу прыйшла старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «АграБаравінка» Аляксандра Міраненка. Яны разам з Леанідам Вячаслававічам ад-працавалі 13 гадоў. Былы галоўны аграном сельгаспрадпрыемства згадала пра добрыя ўраджаі бульбы, якой саджалі амаль дзвесце гектараў, як вырошчвалі кукурузу і кармавыя буракі, стваралі надзейную кармавую базу. Калі Леанід Пагарэльскі прыйшоў у гаспадарку, яму прыйшлося прывозіць салому з Брэстчыны, каб не было падзяжу жывёлы, а праз некалькі год гаспадарка мела ў запасе тысячу тон сенажу. Стабільнымі былі чатырохтысячныя надоі, добрыя прывагі. І калі ў 1986 годзе калгас здаваў дзяржаве да 40 тон ялавічыны за год, то праз дзесяць гадоў гэта лічба павялічылася ў шэсць разоў. І гэта дзякуючы намаганням усяго калектыву ў цэлым і старшыні. Ён ніколі не сядзеў на месцы: падлічваў, аналізаваў, шукаў лепшыя варыянты, кантактаваў з людзьмі, заводзіў новыя знаёмствы і сувязі. Каб гаспадарка атрымала новую тэхніку, бываў і ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі, і ў Маскве. Пры гэтым не забываў пра чалавека працы – за добрую работу хваліў кожную даярку і цялятніцу, падбадзёрваў маладых і ўсяляў у іх упэўненасць, што ў старанных усё атрымаецца. Заўсёды раіўся са сваімі работнікамі.
«У вас ёсць каштоўная якасць: спачуваць і дапамагаць людзям, – адзначыла Аляксандра Міраненка. – Колькім людзям вы дапамаглі, колькі лёсаў уладкавалі! Такім жа памочнікам вяскоўцам засталіся і тады, калі вас выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Вы знаходзілі людзям сродкі на лячэнне, многіх выручалі з бяды, давалі шанс выправіцца тым, хто саступіўся. Ад імя ўсіх вяскоўцаў вам шчырае дзякуй».
І зараз можна многім браць прыклад з Леаніда Вячаслававіча. Ён аптыміст па жыцці, у самыя цяжкія хвіліны не падае духам, верыць у дабрыню лю-дзей і ўвесь часу ў руху – у свае 80 гадоў сёлета разам з жонкай назбіраў столькі груздоў, што на палову вёскі хопіць.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №89 ад 16.11.2021 г.

За час кіраўніцтва Леаніда Пагарэльскага ў Башнях было пабудавана 50 кватэр і 25 дамоў сядзібнага тыпу. 75 сем’яў атрымалі новае жыллё.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *