В Шумилино прошли мероприятия, посвящённые Дню памяти воинов-интернационалистов

Актуалии Общество

Возложение венков к памятному знаку воинам-интернационалистам в Шумилино 15 февраля 2012 года

А ў гуках духавога аркестра – гонар і жалоба
15 лютага па ўсёй Беларусі, у тым ліку і на Шуміліншчыне, прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.  У сераду каля трыццаці воінаў-інтэрнацыяналістаў сабраліся каля раённага ваеннага камісарыята,  пад гукі духавога аркестра прайшлі па цэнтральных вуліцах райцэнтра да мемарыяльнага знака воінам-інтэрнацыяналістам. Тут адбыўся мітынг. У кожным выступленні – памяць пра тыя падзеі, словы пашаны салдатам і афганцам, якія годна выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.
Хвіліна маўчання – у памяць пра ўсіх загінуўшых на афганскай вайне, сярод якіх і чатыры нашы землякі – Анатоль Скобаў, Віктар Угнявёнак, Пётр Чуркін і Іван Сакалоў.
Асноўныя мерапрыемствы прайшлі ў гарадскім Доме культуры.  Вядучая мерапрыемства расказала пра афганцаў Паўла Аўсянкіна, Пятра Бараноўскага і Міхаіла Шумілу, іх лёс, а на экране – фотаздымкі з ваенных часоў, з мірнага жыцця.
У сваім звароце да воінаў-інтэрнацыяналістаў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў падкрэсліў, што нашы салдаты годна выканалі інтэрнацыянальны абавязак, а памяць пра Афганістан будзе заўсёды ў сэрцах беларусаў.
Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” М. А. Калянковіч і яго намеснік М. І. Андрэеў уручылі медалі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане “За заслугі” II ступені А. М. Зайцаву  за шматгадовае супрацоўніцтва і актыўны ўдзел у жыцці арганізацыі, першаму старшыні раённай арганізацыі Р. К. Юхневічусу і члену арганізацыі С. У. Храмцову за актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі.
Мерапрыемства дапоўніла тэматычная канцэртная праграма, падрыхтаваная артыстамі гарадскога Дома культуры.
Па традыцыі ў гэты дзень наведалі бацькоў, чые сыны загінулі ў Афганістане.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. Д. Вярцінская, ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” М. А. Калянковіч пабывалі ў Сосніне ў Веры Андрэеўны Угнявёнак.  І сёння маці не можа стрымаць слёзы, калі гаворыць пра свайго сына Анатоля. Пасля Сосніна адправіліся ў Дубраву да Мікалая Аляксеевіча і Канстанціны Ульянаўны Скобавых. Больш чым гадзіну размаўлялі пра жыццё, успаміналі сына Анатоля…
Надрукавана ў №14 ад 17.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *