Віктар Гутараў: Да сучаснага мора інфармацыі трэба адносіцца крытычна

Главное Новости

Медыякультура – да інфармацыі з асцярогай

18 лістапада адбыўся Адзіны дзень інфармавання, у рамках якога інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама наведалі працоўныя калектывы раёна.

Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў правёў дзень інфармавання ў ДРБУ №204. Кіраўнік раёна адзначыў, што да сучаснага мора інфармацыі трэба адносіцца крытычна. Часам з розных крыніц выказваюцца супрацьлеглыя думкі. Што з’яўляецца праўдай, што фэйкам? «Вы бачыце, што інфармацыя можа разбураць, можа падштурхоўваць да парушэння закона. Таму заўжды трэба думаць, на што накіравана тая ці іншыя інфармацыя, да якіх наступстваў можа прывесці, каму яна карысная. Ва ўмовах масавай інфармацыі важна культура медыяспажывання», – сказаў старшыня райвыканкама.
Яшчэ адной тэмай дня інфармавання было спажыванне наркотыкаў і сумесяў для курэння. Кіраўнік раёна расказаў пра тое, што наркадзялкі імкнуцца ўцягнуць у абарот як мага больш людзей, асабліва дзяцей і моладзь. Варта ведаць пра разбуральнае ўздзеянне наркатычных рэчываў на здароўе, памятаць пра адказнасць за захоўванне, збыт і ўжыванне наркотыкаў, берагчы дзяцей ад бяды. Калі раней гэта праблема была далёка ад нашага раёна, то зараз асобныя выпадкі збыту і ўжывання здараюцца і ў нас, заўважыў Віктар Сяргеевіч.
Кіраўнік раёна спыніўся і на больш жыццёвых пытаннях. Ён расказаў пра вынікі работы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Гаворачы пра сітуацыю з каранавірусам, Віктар Гутараў адзначыў, што чарговая хваля пандэміі ў раёне пайшла на спад, раённая бальніца паступова пераходзіць у штатны рэжым работы. Але, як падкрэсліў кіраўнік раёна, не варта расслабляцца, неабходна захоўваць меры прафілактыкі, тым больш, што медыкі прагназуюць рост выпадкаў каранавірусу вясной. Ён параіў прышчэплівацца, каб пазбегнуць цяжкіх наступстваў пры заражэнні.
Старшыня райвыканкама адказаў на пытанні работнікаў ДРБУ №204. У прыватнасці, расказаў пра пошук інвестараў, якія маглі б укласціся ў аб’екты на тэрыторыі раёна, напрыклад, комплекс былой гімназіі ў Лескавічах. Надзея на прыватніка, сказаў старшыня райвыканкама. Так, удалося прыватным сектарам практычна поўнасцю закрыць гандлёвае абслугоўванне замест райспажыўтаварыства. Ёсць прыклады паспяховага выкарыстанні некаторых вытворчых аб’ектаў.
На прыватны бізнес разлічваюць у раёне ў развіцці сельскагаспадарчай галіны, расказаў кіраўнік раёна, гаворачы пра прыход ААТ «Сушчова-Агра» ў раён. Кіраўніцтва буйнога сельскагаспадарчага прадпрыемства ўзяло ў раёне каля 4 тысяч гектараў зямлі, мяркуюць развівацца, укладваць сродкі і ў жывёлагадоўлю. Ёсць і іншыя прыклады інвестыцый у сельскую гаспадарку раёна. Але гэта тая галіна, дзе нельга атрымаць імгненны вынік, яна патрабуе шматгадовай карпатлівай работы для стварэння эфектыўнай вытворчасці, заўважыў старшыня райвыканкама.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №90 ад 19.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *