Сябры павіншавалі Васіля Афанасьева з юбілеем

Общество

Да справы – з душой, да жыцця – з любоўю

Стваральнымі справамі і цікавымі мерапрыемствамі, абаронай сацыяльных інтарэсаў людзей сталага ўзросту і шчырым клопатам пра іх жыве раённая ветэранская арганізацыя, намеснікам старшыні якой з’яўляецца Васіль Іванавіч Афанасьеў. У мінулыя гады ён з задавальненнем віншаваў ветэранаў з юбілеямі, сёлета – і сам юбіляр.

Павіншаваць Васіля Афанасьева прыйшлі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах і член праўлення Таццяна Карніловіч. «Мне, як і папярэднім маім калегам, пашанцавала мець такога намесніка: адказнага, шчырага і мудрага, – адзначыла падчас віншаванняў Таццяна Цэрах. – Надзейнае мужчынскае плячо – гэта заўсёды здорава, гэта апора і дапамога ў вырашэнні многіх пытанняў грамадскай арганізацыі. Вы з’яўляецеся намеснікам старшыні ветэранскай арганізацыі на працягу паўтара дзясятка гадоў. Дзякуй вам за работу, за тое, што вы аб’ядноўваеце наш калектыў. Здароўя вам і даўгалецця!».
Васіль Афанасьеў, які жыве ў Шуміліне больш як паўстагоддзя, добра ведае мясцовых людзей. Многія шумілінцы ведаюць і яго. Хлопец з Роўнага пасля заканчэння Віцебскага тэхнікума сувязі прыйшоў працаваць электраманцёрам на лінейна-тэхнічны ўчастак сувязі ў Шуміліне, потым працаваў электрамеханікам па абслугоўванні станцыйнага абсталявання. Але Васілю набытых у тэхнікуме ведаў падалося мала, і ён пайшоў вучыцца ў Маскоўскі электратэхнічны інстытут сувязі, пасля заканчэння якога працаваў інжынерам вузла сувязі ў Шуміліне. Пры гэтым з’яўляўся і сакратаром мясцовай партыйнай арганізацыі, умела праводзіў работу з актывам – гэтаму вучыўся ў Віцебскім універсітэце марксізму-ленінізму. Граматы, па-дзякі, перамогі – усё гэта было за больш як сорак гадоў работы ў сувязі.
Але ж самай вялікай сваёй узнагародай Васіль Афанасьеў лічыць сям’ю. Калі ён, мясцовы электраманцёр, аднойчы адрамантаваў прас шумілінскай дзяўчыне Любачцы, яна з першага дня знаёмства пакарыла яго сваёй прыгажосцю і дабрынёй. І не пабаялася выходзіць за Васіля замуж у сямнаццаць гадоў, жартавала толькі, што «калі будзе дрэнна, то прыйдзе да маці назад». Не прыйшла. Васіль і Любоў Афанасьевы справілі нядаўна залатое вяселле. Яны шчаслівыя разам. Любоў Міхайлаўна расказала, што на працягу паўстагоддзя заўсёды першыя вясеннія кветкі (і летнія, і восеньскія таксама) заўсёды былі на яе стале ад любімага мужа. Сёння, калі Афанасьевы маюць дваіх дарослых сыноў, чацвёра ўнукаў, часта ўспамінаюць маці Васіля – Ірыну Мікалаеўну, мудрую і шчырую жанчыну, якая вышэй за ўсе каштоўнасці на зямлі лічыла сям’ю і перадала гэту навуку ў спадчыну дзецям. Навукай добра авалодаў Васіль: пасля любых непаразуменняў першым ішоў на прымірэнне і ўмеў так пажартаваць, што канфлікт адразу здымаўся.
«Мы лічым свайго бацьку самым лепшым у свеце, – кажуць сыны Юрый і Аляксандр. – Ён чалавек сціплы і вельмі пунктуальны, яго прынцып – “Калі сказана, будзе зроблена” – перанялі і мы. Разам з маці ён з дзяцінства прывіваў нам такія рысы, як узаемападтрымка і шчырасць, прывучаў да парадку. І мы, сыны, закасаўшы рукавы, мылі падлогу і посуд, прыбіралі ў доме, дапамагалі бацьку закручваць у слоікі гародніну. Зараз бацька заўсёды нам усім дапамагае, ён сябар і дарадца ўнукам, заўсёды справядлівы, памяркоўны і мудры. На яго раўняемся і з яго бяром прыклад».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №92 ад 26.11.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *